Амерыканскі тэлеканал прапануе 50 тысяч даляраў за прагляд усіх матчаў чэмпіянату свету па футболе
Амерыканскі вяшчальнік Fox сумесна з міжнародным сайтам па пошуку працы Indeed адкрыў вакансію «галоўнага гледача чэмпіянату свету па футболе — 2026».
Фота: Marcio Machado — FIFA / FIFA via Getty Images
Fox плануе наняць «аднаго кваліфікаванага заўзятара», які паглядзіць трансляцыі ўсіх 104 матчаў будучага чэмпіянату свету па футболе на тэлеканале Fox One са «спецыяльна абсталяванага месца» на Таймс-сквер у Нью-Ёрку.
За прагляд усіх матчаў прадугледжаны заробак $50 тыс.
У абавязкі «галоўнага гледача чэмпіянату свету па футболе» будзе ўваходзіць прагляд кожнай хвіліны матчаў, стварэнне і публікацыя кантэнту на працягу ўсяго турніру. Таксама трэба будзе «заводзіць» глядацкую залу на Таймс-сквер.
ЧС-2026 упершыню адбудзецца з удзелам 48 нацыянальных каманд і стане першым, які пройдзе на тэрыторыі адразу трох краін: ЗША, Канады і Мексікі.
Турнір будзе доўжыцца з 11 чэрвеня па 19 ліпеня. На групавым этапе ў дзень будзе праходзіць па чатыры матчы.
З 1998 па 2022 год у чэмпіянатах свету ўдзельнічалі 32 каманды, усяго гулялася 64 матчы.