У Мінску прадаюць надзвычай рэдкі і вельмі дарагі Mercedes-Benz SLR McLaren. Каштуе як некалькі кватэр у сталіцы
Напэўна, у краіне ён такі адзін.
Mercedes-Benz SLR McLaren. Фота: av.by
Пад капотам у яго V8 аб'ёмам 5,4 літра, які выдае 626 к. с., што разганяе гэты суперкар да сотні ўсяго за 3,8 секунды, а да 200 км/г — за 10,6 сек.
Фота: av.by
У машыне чырвоны скураны салон, а стырно з алькантары.
Нягледзячы на немалы ўзрост, аўто як звонку, так і знутры выглядае амаль як новае.
Фота: av.by
Заяўлены прабег — усяго 25 тысяч кіламетраў. Прадавец сцвярджае, што прабег арыгінальны і пацверджаны сэрвіснай гісторыяй. Калі гэта сапраўды так, то ў сярэднім за год на машыне праязджалі ўсяго каля 1000 кіламетраў.
Згодна з апісаннем, увесь аўтамабіль у арыгінальнай фарбе, зімой не ездзіў, а стаяў у цёплым гаражы.
Фота: av.by
За 22‑гадовы суперкар просяць 400 тысяч даляраў.
І гэта нават больш, чым за канфіскаваны беларускай мытняй McLaren 720S 2019 года выпуску, што паказвае на сапраўдную ўнікальнасць гэтага «Мерса».
У чым унікальнасць гэтага аўто?
Mercedes-Benz SLR McLaren — гэта не проста Mercedes-Benz, бо ён быў зроблены сумесна з партнёрам Mercedes па Формуле-1 — брытанскай McLaren. Таму гэтыя аўтамабілі збіраліся не ў Германіі, а ў Брытаніі.
Фота: av.by
Усяго з 2003 па 2010 гады было выпушчана 2157 такіх аўто. На момант выхаду Mercedes-Benz SLR McLaren з'яўляўся адным з самых дарагіх серыйных аўто ў свеце, бо цэны на іх пачыналіся з 400 тысяч еўра.
І трэба адзначыць, што з-за сваёй унікальнасці цяпер яны каштуюць прыблізна столькі ж.
Так, напрыклад, у Германіі цэны на SLR McLaren пачынаюцца з 317 тысяч еўра (або 375 тысяч даляраў).
Скрыншот: mobile.de
У Беларусі ж у продажы SLR McLaren толькі адзін. Цалкам верагодна, што другога такога аўто ў нашай краіне проста няма.
15 гадоў у Беларусі
Канкрэтна гэтае аўто прыехала ў Беларусь яшчэ ў 2011 годзе. Праверка VIN-нумара па базе мытні паказвае на тое, што адбылося гэта 27 чэрвеня 2011 года.
Скрыншот: customs.gov.by
То-бок літаральна за некалькі дзён да таго, як у Беларусі пачалі дзейнічаць новыя мытныя стаўкі. У выніку гэты даражэзны суперкар з 5,4 пад капотам размытнівалі па 0,6 еўра за кубік, таму заплацілі ўсяго 3240 еўра. Для параўнання: калі б яго ўвезлі ў Беларусь на тыдзень пазней, то мытны плацёж склаў бы 30 780 еўра.