БЕЛ Ł РУС

Пратасевіч адказаў Статкевічу і НН: Маё сумленне чыстае. А пра трусы маёй абранніцы прачытаюць больш, чым пра ўсялякія Каардынацыйныя рады

5.05.2026 / 11:03

Nashaniva.com

Раман Пратасевіч адказаў Міколу Статкевічу, які абвінаваціў СМІ ў залішняй увазе да здрадніка, і Настассі Роўдзе, якая патлумачыла, навошта назіраць за жыццём Пратасевіча — «прыклад, які ніхто не хоча паўтараць». 

Большая частка тэксту Пратасевіча накіравана супраць Міколы Статкевіча.

«Мікалай Віктаравіч, вы вольныя думаць пра мяне што заўгодна — гэта, бадай, адзінае, чым вы распараджаецеся без чыйго-небудзь умяшання і без рызыкі атрымаць тэрмін», — ад пачатку завуалявана пагражае Пратасевіч.

Пратасевіч падыходзіць да Статкевіча з аргументам «а чаго ў жыцці дасягнулі вы?».

Ён хлусліва называе Статкевіча «палітруком Савецкага Саюза, які своечасова пераабуўся», хаця той не быў палітруком.

Таксама нагадвае пра савецкае мінулае палітыка і кажа, што ўсё наступнае жыццё Статкевіча — гэта «планамернае калекцыянаванне крымінальных спраў». Пратасевіч заяўляе, што палітычная дзейнасць Статкевіча дала «нулявы вынік па ўсіх паказніках»: партыя нічога не дабілася, асабістых дасягненняў няма, уплыў на грамадства мінімальны.

Асобна Пратасевіч атакуе Статкевіча як сем'яніна — даводзіць, што больш за дваццаць гадоў сям'я палітыка жыве ў «рэжыме хранічнага чакання» новых пасадак.

«Боль і пакуты блізкім людзям, — гэта ўжо не дабрачыннасць, а эгаізм з гераічным тварам і прыгожай саманазвай», — расказвае Пратасевіч пра гераізм. 

«Называць гэта высокай маральнасцю — значыць мець вельмі спецыфічнае ўяўленне пра тое, што гэтае слова наогул азначае», — дадае Пратасевіч пра маральнасць.

Ён піша, што Статкевіч ніколі не быў для яго маральным арыенцірам і не будзе.

«Усё сваё жыццё вы думалі перш за ўсё пра сябе: пра сваю рацыю, сваю барацьбу, свой вобраз у вачах той самай аўдыторыі, якой вы наогул вядомыя. Гэта ваша права. Але не варта блытаць нарцысізм з прынцыповасцю — розніца паміж імі істотная, хоць знешне часам неадрозная», — тлумачыць тонкасці прынцыповасці Пратасевіч. 

Ён патрабуе ад Статкевіча «патлумачыць за словы» і назваць канкрэтныя прозвішчы былых калег, якія апынуліся за кратамі праз Пратасевіча.

Сябе Пратасевіч здраднікам не прызнае.

«Я не даваў клятвы нікому, каб быць здраднікам чагосьці. Я не навешваў на сябе ніякіх ярлыкоў ці грамадскіх званняў, каб потым гэтаму здраджваць. Маё сумленне чыстае, і жыву я спакойна», — піша ён.

Адказаў ён і Настассі Роўдзе. 

Пратасевіч хлусліва заяўляе, што «Наша Ніва» нібыта фінансуецца нейкім «штабам» праз нейкія «фірмы-пракладкі». Ён кажа, што выданне — «сапраўдны сорам і апаганьванне памяці легендарнага выдання», якое піша «пра чырвоныя трусы і іншыя падрабязнасці асабістага жыцця медыйных людзей».

«Зрэшты, я выдатна разумею матывацыю рэдакцыі. Таму што пра трусы маёй абранніцы людзі прачытаюць больш, чым пра ўсялякія каардынацыйныя рады, пераходныя кабінеты і штабы разам узятыя», — піша ён.

Заканчвае Пратасевіч тэзісам, што журналістам «НН» будзе балюча, а сам ён «дома, на сваёй зямлі, побач са сваімі блізкімі і любімымі»:

«Балюча будзе, калі рана ці позна застануцца без працы. Балюча будзе ўсведамляць, што ўся ваша «барацьба» скончыцца недзе на ўзбочыне. Без магчымасці вярнуцца дадому.

Так што балюча будзе. У гэтым я не сумняваюся. Толькі не мне. Вам. Таму што я — дома. На сваёй зямлі. Побач са сваімі блізкімі і любімымі. І служу грамадству, каб зрабіць жыццё людзей у маёй краіне лепшым. І ў гэтым прынцыповая розніца», — піша ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула