На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха
Ад яго нібыта патрабавалі сплачваць 1,2 мільёна шкоды.
Фота: LookByMedia
На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха аднаўлення едкага натрыю Андрэй С.
Як паведамляе «Рабочы рух», цела знайшлі недалёка ад завода. У загінулага засталося двое непаўналетніх дзяцей.
Паводле неафіцыйных крыніц, перад смерцю на заводзе адбылася планёрка ў кіраўніцтва. Прычынай стала абвальванне футэроўкі ў печах спальвання адкідаў — для рамонту замест імпартнай цэглы была закупленая расійская, якая аказалася няякаснай. На планёрцы, паводле тых жа крыніц, гучалі рэзкія абвінавачванні і пошук «крайняга».
Крыніца «Люстэрка» паведамляе дадатковыя дэталі: загінуламу было дадзена вуснае распараджэнне павысіць тэмпературу гарэння, каб працэс адпавядаў экалагічным нормам. Ён выканаў указанне — і менавіта пасля гэтага адбылося разбурэнне цэглы. Паводле той жа крыніцы, усю шкоду — 1,2 мільёна рублёў — дырэктар «павесіў» асабіста на Андрэя са словамі, што той «пажыццёва будзе выплачваць доўг або пойдзе ў турму». Андрэй успрыняў гэта блізка да сэрца.