Ты рускамоўны чалавек свету ці ты чалавек беларускі? Кейс Насты Рагатко
Беларускае пытанне павінна быць абавязкова асобным ад расійскага і ў тэорыі, і на практыцы, — гэта прынцыпова, гэтага мы ў апошнія гады дабіліся, і ад гэтага нам адступаць нельга. Ні ў якія інстытуцыйныя, фармальныя альянсы з расійскімі дэмакратамі беларускія сілы ўступаць не павінны ні ў якіх абставінах, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.
Наста Рагатко на кірмашы BebelPlatz з расійскім апазіцыянерам Іллёй Яшыным. Фота: facebook.com/nastya.rahatko
Бачу ў стужцы шмат водгукаў адносна ўдзелу Насты Рагатко ў кніжным кірмашы BebelPlatz і яе каментара з гэтай нагоды. Мне здаецца, часта ў гэтых водгуках, як і ўвогуле ў кейсах, дзе нейкім чынам задзейнічаныя «харошыя рускія», занадта шмат эмоцый і махання шашкамі. Што натуральным чынам замінае аб'ектыўнай ацэнцы сітуацыі.
Як па мне, у самім факце таго, што хтосьці з беларусаў удзельнічае ў нейкіх арганізаваных «харошымі рускімі» мерапрыемствах у якасці госця, няма нічога кепскага. Наста Рагатко абсалютна мае рацыю ў тым, што не трэба сядзець у сваёй шкарлупіне і трымаць сваю праўду ці ціхенька пры сабе, ва ўласных асяродках, ці рэтрансляваць яе ў строга вызначаных кірунках — вось туды будзем, а туды прынцыпова не будзем.
Калі некуды запрашаюць і табе самому ёсць што сказаць — то чаму б і не схадзіць ды не паўдзельнічаць, калі сама кампанія не таксічная апрыёры? А кампанія, напрыклад, таго ж згаданага ў допісе Рагатко Іллі Яшына — усё ж такі не такая, што пайсці з ім папіць кавы люты зашквар і вечная дыскрэдытацыя. Хоць, канешне, і не анёл з крылцамі. Дык мы ўсе не анёлы.
Пытанне тут больш не ў самім удзеле як такім, а ў самапрэзентацыі — удзельнічаеш ты проста як абстрактны рускамоўны «чалавек свету», ці як чалавек беларускі, які падчас камунікацыі і публічнай, і прыватнай дае зразумець, што, нягледзячы на ўсе ўзаемныя магчымыя сімпатыі, мы — іншыя, і ў нас свая дарога.
Прытым зразу агаваруся і падкрэслю — я зусім не замахваюся па права кожнага чалавека прыватна рабіць так, як яму самому хочацца, у тым ліку і быць касмапалітычным «чалавекам свету». Гэта права, як той казаў, свяшчэннае і непарушнае. Проста гэты кейс, у тым ліку і з падачы самой Насты Рагатко, стаў для беларусаў грамадска значным, і толькі таму я яго ацэньваю менавіта з грамадскай пазіцыі, беручы Насту не як індывідуума, а як частку супольнасці.
Увогуле тут мы непазбежна выходзім на больш шырокую праблему — якія адносіны павінны быць паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і рускімі антыпуцінцамі дэмакратычных поглядаў?
На маю думку, дакладна недарэчнай пазіцыяй (хоць у пэўнай ступені для многіх і зручнай) з'яўляецца вядзенне, — і тым больш свядома арганізаванае, — адкрытай вайны паміж дзвюма супольнасцямі. Усё ж такі на гэтым этапе мы з'яўляемся сітуатыўнымі саюзнікамі — як у іхніх, так і ў нашых інтарэсах знаходзіцца звяржэнне ў Расіі пуцінскага рэжыму, што з вялікай верагоднасцю адкрые акно магчымасцяў і для беларусаў. Тое, што расійскія дэмакраты да гэтага імкнуцца — гэта супер, і калі з нашага боку на нейкім этапе ім трэба нейкая канкрэтная падтрымка, то мы можам яе аказваць. Як і яны нам.
Ключавое толькі — каб пры гэтым заўсёды памятаць і трымаць у галаве свае ўласныя інтарэсы і не перакрочваць «чырвоныя лініі».
Лініі ж гэтыя, на маю думку, маюць пралягаць у тым сэнсе, што супрацоўніцтва паміж намі быць можа, але толькі тады, калі яно не ператвараецца ў залежнасць.
Беларускае пытанне павінна быць абавязкова асобным ад расійскага і ў тэорыі, і на практыцы, — гэта прынцыпова, гэтага мы ў апошнія гады дабіліся, і ад гэтага нам адступаць нельга. Ні ў якія інстытуцыйныя, фармальныя альянсы з расійскімі дэмакратамі беларускія сілы ўступаць не павінны ні ў якіх абставінах, бо ў іх рамках не будзе роўнасці, а заўсёды будуць дамінаваць яны — у гэтым не трэба мець ілюзій. Не кажучы пра тое, каб прымаць ад расіян нейкае фінансаванне нават у цяжкіх умовах. Тут ужо «коготок увязнет — всей птичке пропасть». Думаю, гэтага не трэба тлумачыць.
І ўжо цяпер прынамсі тым «харошым рускім», якія здольныя ўспрымаць аргументы, варта тлумачыць: «прекрасная Россия будущего», калі вам нават нейкім цудам яе ўдасца пабудаваць — яна не для нас, хоць у прынцыпе мы і зацікаўленыя, каб за ўсходняй мяжой была нармальная краіна, а не вось гэта во ўсё.
У нашы планы на будучыню не ўваходзіць удзел у вырашэнні расійскіх праблем, бо мы, у адрозненне ад Расіі — дастаткова кампактная еўрапейская краіна, якая пасля вырашэння галоўных на сённяшні момант пытанняў можа і павінна ўзяць курс на еўраінтэграцыю. І рашэнні адносна нашай будучыні прымаць толькі нам, а вы мусіце іх толькі прымаць як ёсць.
Бо вы — толькі сітуацыйна-тактычныя саюзнікі, у той час як украінцы, палякі, балтыйскія народы — натуральна-стратэгічныя. І акурат ад разумення ці неразумення вамі гэтых тонкіх момантаў залежаць і цяперашнія адносіны, і перспектывы супрацоўніцтва.
І вось калі беларус, які мае сувязі з «харошымі рускімі» і ўдзельнічае ў іх мерапрыемствах, нешта падобнае паслядоўна праводзіць і прыватна, і публічна, а не спявае песню пра «мы же братья» — то ў мяне асабіста няма да яго ніякіх прэтэнзій. Бо, і тут зноў пагаджуся з Настай Рагатко, наш голас павінен гучаць паўсюль — і гэта пытанне суб'ектнасці.