БЕЛ Ł РУС

«З беларусамі ў аргенцінцаў шмат супольнага». Беларус расказаў, як яму жывецца ў далёкай Аргенціне

3.05.2026 / 12:54

Nashaniva.com

Мікіта Ганчароў раней працаваў у IT-cферы ў Беларусі, а цяпер распрацоўвае ўласную гульню і вучыцца на адпаведнай спецыяльнасці ў адной з ВНУ Буэнас-Айрэса. Ён расказаў Devby.io, ці цяжка адаптавацца ў гэтай далёкай ад нас краіне і што для гэтага трэба.

У Аргенціну праз Грузію

Я вучыўся ў БДУІР з 2014 па 2020 год, пасля працаваў у IT-сферы ў Беларусі. У 2022 годзе мы з будучай жонкай пераехалі ў Грузію. Нас рэлакавалі кампаніі, у якіх мы працавалі. Было зразумела, што гэта транзітны пункт, але ў цэлым жыццё там склалася нядрэнна: у Грузіі мы затрымаліся амаль на тры гады.

Мікіта з гадаванцам у Грузіі. Instagram апавядальніка

Паралельна мы вывучалі напрамкі, куды можна рухацца далей. У выніку выбралі Аргенціну. Вызначыцца з выбарам дапамаглі добры клімат, спакойны рэгіён, смачная ежа, цікавая культура і адносна хуткая магчымасць атрымання грамадзянства.

Прыехалі мы як турысты, легалізацыяй пачалі займацца ўжо на месцы. Самы просты варыянт — роды. Але мы падаваліся як ранцье. Дарэчы, у рускамоўных крыніцах часта пішуць няпоўную інфармацыю пра прычыны, неабходныя для такой падачы. Сцвярджаюць, што для яе абавязкова патрэбны рэгулярны пасіўны даход з-за мяжы.

Рэгулярны пасіўны даход з-за мяжы для атрымання ДНЖ ранцье ў Аргенціне павінен складаць не менш за пяць мінімальных заробкаў (з лютага 2026 года гэта 346 800 песа, ці $250), гэта значыць каля $1250. Зрэшты, некаторыя эміграцыйныя сайты рэкамендуюць для станоўчага рашэння падаваць дакументы, якія пацвярджаюць больш высокі пасіўны даход — ад $2000 на чалавека ў месяц).

Насамрэч заробак, атрыманы з-за мяжы, не дазволіць падавацца на ДНЖ як ранцье. Але замест рэгулярных выплат ад замежных актываў можна паказаць самі актывы. Фармулёўку дакладна не памятаю, але для таго, каб прынялі дакументы на разгляд, паўтара года таму было дастаткова сумы на рахунку парадку $50000.

Дазвол на жыхарства пакуль у працэсе. Справа разглядаецца ўжо каля года, цяпер я перападаюся па вучобе, таму што студэнцкія заяўкі звычайна разглядаюцца хутчэй. Пасля атрымання DNI трэба будзе пражыць яшчэ два гады да падачы на пашпарт. Спадзяёмся стаць аргенцінцамі на працягу найбліжэйшых трох гадоў. Сам працэс легалізацыі ў Аргенціне не звышскладаны, але доўгі і патрабуе цярпення.

Наш бюджэт пераезду выглядаў так:

Пошук кватэры на доўгі тэрмін аказаўся даволі складаным і дарагім. Трэба было аплаціць арэнду адразу за першы і апошні месяцы, а таксама камісію агенту ў памеры месячнай арэнды. Часта пры здыманні жылля патрабуюць яшчэ заклад або страхоўку.

Акрамя таго, грошы «з’ядае» купля побытавых рэчаў. І патрэбна яшчэ падушка бяспекі на выпадак непрадбачаных выдаткаў. Трэба проста прыняць, што $ 1000‑2000 за першы год можна страціць на камісіях за грашовыя пераводы, на нявыгадных курсах валют і проста па недасведчанасці.

Буэнас-Айрэс. Instagram апавядальніка

Узровень падаткаабкладання ў Аргенціне залежыць ад формы працы. Калі ты супрацоўнік аргенцінскай кампаніі, плаціш поўны пакет праз працадаўцу (каля 30% ідзе на розныя адлічэнні). Калі ты працуеш як monotributista, то стаўкі будуць ніжэйшыя (у залежнасці ад памеру даходу).

Я звольніўся са сваёй ранейшай кампаніі яшчэ да пераезду ў Аргенціну і тут цалкам пераключыўся на стварэнне гульняў. Цяпер раблю сваю гульню з невялікай камандай аргенцінцаў і беларусаў. Пакуль што працуем за ідэю, у будучыні адкрыю студыю. Без DNI гэта зрабіць значна складаней.

Цяпер мая дзейнасць яшчэ не прыносіць даходу. Але такім і быў мой план: навучыцца і пачаць працу ў зусім новай сферы. З мінулай працы я сыходзіў з ашчажэннямі, ну і ў мяне былі сродкі ад продажу маёмасці ў Беларусі. Плюс я муж айцішніцы. 

У камандзе ў нас ёсць беларусы і аргенцінцы. Паміж сабой размаўляем на англійскай, для працы гэтага хапае. Але для камфортнага жыцця ў Аргенціне іспанская неабходная, многія мясцовыя не ведаюць англійскую. Я актыўна вучу і свой узровень ацэньваю на B1+. Гэтага дастаткова, каб не адчуваць сябе разгубленым пры зносінах з аргенцінцамі. Але, вядома ж, хацелася б размаўляць свабодна.

Два пералёты з сабакам

Сабака Локі ляцеў з намі спачатку з Беларусі ў Грузію, потым з Грузіі ў Аргенціну. У дакументах усё вельмі стандартна, зарэгістраваць сабаку на рэйс таксама даволі проста. Але ляцець у багажным адсеку — гэта вялізны стрэс. У Грузію ён ляцеў менавіта так, і потым некалькі дзён уздрыгваў ад любога шуму.

Локі. Фота з Threads апавядальніка

Не хацелася, каб сабака зноў праходзіў праз такое. Мы вывучалі магчымыя варыянты і знайшлі, што з буйным сабакам лятаць у салоне можна, калі ён службовы. Прайшлі двухмесячны курс падрыхтоўкі і атрымалі дакумент, з якім нам дазволілі ляцець з Локі ў салоне.

Дарэчы, Буэнас-Айрэс вельмі pet friendly. Тут шмат сабачнікаў, паркаў і пляцовак для сабак. Мы яшчэ ні разу не чулі папрокаў, што сабака не там дзе трэба ходзіць ці што мы камусьці перашкаджаем.

Жыццё ў Буэнас-Айрэсе

Мы жывём у Буэнас-Айрэсе. Горад на кантрасце з Мінскам і Тбілісі значна больш энергічны і жывы. А яшчэ вельмі розны. У ім ёсць і заможныя раёны, і не вельмі.

Буэнас-Айрэс — вельмі камфортны горад для жыцця. Крамы ў цэлым як і паўсюль. Няма такой разнастайнасці малочкі, як у Беларусі, але затое шмат рознай садавіны і найсмачнейшае аргенцінскае мяса. І ў цэлым якасць прадуктаў добрая. Сыры і каўбасы на месцы. Можна сказаць, што разнастайнасць тавараў у некаторых сегментах ніжэйшая, але гэта не нейкая вялікая праблема.

Грамадскі транспарт у Буэнас-Айрэсе добра наладжаны: метро, велізарная сетка аўтобусаў, электрычкі. Амаль да любога пункту горада можна дабрацца максімум з адной перасадкай. Але гэта калі трэба кудысьці ехаць. Такое здараецца не часта, практычна ўсё, што патрэбна для паўсядзённага жыцця, ёсць у крокавай даступнасці. Таму машына тут асабліва і не патрэбная.

Буэнас-Айрэс. Instagram апавядальніка

У Буэнас-Айрэсе камфортны клімат. Зімы мяккія, ніжэй +5 бывае рэдка. Снегу няма. Так, летам бывае горача, да +37, але тут такая тэмпература пераносіцца лягчэй, чым +30 у Беларусі. Галоўны мінус — адсутнасць цэнтральнага ацяплення ў многіх дамах, што адчуваецца зімой.

Аргенціна велізарная і прырода тут вельмі разнастайная. Падарожнічалі пакуль не вельмі шмат, але вельмі хацелася б пабываць усюды.

Больш за ўсё ў Аргенціне мне падабаецца адчуванне свабоды і адсутнасці ціску. А яшчэ колькасць сонечных дзён: тут я зразумеў, як моцна гэта ўплывае на самаадчуванне і настрой. А не хапае тут блізкіх людзей, якія засталіся ў Беларусі.

Для арэнды тут ёсць два тыпы кватэр — з мэбляй і без, цэны залежаць ад гэтага. Двухпакаёвая кватэра з мэбляй у нашай дастаткова заможнай лакацыі пачынаецца ад $1000 у месяц. Калі без мэблі, можна знайсці і больш бюджэтныя варыянты. Жыллё таннейшае знайсці можна, але для гэтага, хутчэй за ўсё, давядзецца ісці на кампрамісы па раёне, стане самога жылля і інфраструктуры.

У іншых рэгіёнах Аргенціны арэнда таннейшая. Але пераязджаць у іншае месца пакуль не планую, Буэнас-Айрэс мне падабаецца.

Людзі

Рускамоўных у Аргенціне даволі шмат. Але ў нас ад пачатку была мэта інтэгравацца ў аргенцінскае грамадства, таму мы наўмысна не шукалі славянскія кам'юніці. У маім блізкім коле ёсць некалькі сяброў-беларусаў, з якімі мы былі знаёмыя яшчэ ў Мінску. Даволі забаўна атрымалася: раней працавалі за суседнімі сталамі, а цяпер жывём за дзесяць хвілін адзін ад аднаго на іншым канцы Зямлі.

Аргенцінцы добра ставяцца да мігрантаў. Да беларусаў — з цікавасцю. Некаторыя ўвогуле не ведаюць, што такое Беларусь, і зацікаўлена слухаюць аповеды пра нашу краіну. З негатывам на свой адрас я за паўтара года не сутыкаўся ні разу.

Адносіны з мясцовымі складваюцца выдатна. Яны, як правіла, вельмі ветлівыя і прыязныя. У мяне ўжо ёсць пара добрых сяброў-аргенцінцаў. Добра размаўляю і з аднагрупнікамі, вельмі прыемныя хлопцы і дзяўчаты. У Буэнас-Айрэсе мне банальна падабаецца весці small-talk з людзьмі на вуліцы.

З беларусамі ў аргенцінцаў, як ні дзіўна, шмат агульнага. Нашы агульныя рысы — гэта гасціннасць, талерантнасць, міралюбнасць і звычка захоўваць ашчаджэнні ў далярах.

У іншых пытаннях ёсць і адрозненні. Аргенцінцы значна больш расслабленыя і адкрытыя ў зносінах. Працуюць яны таксама з меншым надрывам, ёсць чаму павучыцца. Але ў той жа час тут адчуваецца культура ўзаемадапамогі і падтрымкі. Мясцовыя нам заўсёды дапамагалі, калі гэта было патрэбна. Яшчэ мы заўважылі, што кожны раз, калі на вуліцы камусьці дрэнна ці нехта спатыкнуўся і ўпаў — ніхто не пройдзе міма.

Памятаю, неяк на вуліцы ішоў насустрач дзядуля — і раптам страціў прытомнасць. Я аказаўся бліжэйшы за ўсіх, падбег дапамагаць, у мяне ёсць навыкі першай медычнай дапамогі. І пакуль я яе аказваў, падбегла чалавек з 10. Нехта выклікаў хуткую, нехта збегаў у краму па вадзічку — увогуле, самаарганізаваліся за 10 секундаў. Вельмі крута.

Па маіх адчуваннях, аргенцінская эканоміка паступова стабілізуецца. Інфляцыя ўсё яшчэ застаецца праблемай, але перастала быць трохзначнай. Пасля даволі цяжкага 2025 года, калі цэны на многае рэзка выраслі, цяпер некаторыя тавары пачалі таннець.

Буэнас-Айрэс. Instagram апавядальніка

З іншага боку, я чуў ад аргенцінцаў, што стала больш бяздомных.

Медыцына

Тут я ўжо сутыкаўся і з платнай прыватнай, і з бясплатнай дзяржаўнай медыцынай — пакуль што вопыт станоўчы. Без страхоўкі прыём і лячэнне могуць абысціся даволі дорага.

Ёсць сацыяльная страхоўка, якая каштуе недзе $ 20‑30 у месяц. Зрэшты, у дзяржаўныя бальніцы можна трапіць нават без яе, страхоўка больш выкарыстоўваецца для атрымання зніжак на лекі. Адзін раз я хадзіў у дзяржаўны шпіталь выпісаць рэцэпт, звычайны шпіталь, нічым мяне не ўразіў. Пасядзеў паўгадзіны ў чарзе (у такіх шпіталях чэргі ёсць заўсёды), міла пагаварыў з доктарам, ён выпісаў што трэба. Але якія менавіта патрэбы пакрывае і не пакрывае такая страхоўка — я не ведаю.

І ёсць прыватныя страхоўкі і клінікі, там ужо хто на што здольны. Але без DNI я не магу нават зарэгістравацца на іх сайтах, каб аформіць страхоўку. Трэба ісці да іх нагамі, я пакуль што не дайшоў.

Парады беларусам, якія прыглядваюцца да Аргенціны

Чытайце таксама:

«Палова заробку — дзяржаве і высокія цэны ў крамах». Чаму айцішнікам добра і дрэнна ў Венгрыі

«Сябры паехалі, застаўся толькі я». Што трымае айцішнікаў у Грузіі ў 2026

«Тут немагчыма сустрэць п’яных». Беларус расказаў, як жыве на іншым баку зямнога шара

«Дома больш няма». Як беларускія айцішнікі вяртаюцца на радзіму пасля жыцця за мяжой

«Я нідзе не еў смачнейшай бульбы». Як беларус знайшоў сябе на краі свету

Каментары да артыкула