БЕЛ Ł РУС

Доктар распавяла, якія прадукты дапамогуць знізіць узровень халестэрыну без таблетак

1.05.2026 / 23:29

Nashaniva.com

Высокі халестэрын — гэта часта вынік нашых штодзённых звычак. На ранніх этапах статынам можна знайсці альтэрнатыву. Каб палепшыць аналізы на 10—15%, дастаткова змяніць гатунак кашы, палюбіць бабовыя і пачаць снедаць своечасова, кажа доктар. 

Фота: vecteezy.com

Ці ёсць альтэрнатыва статынам, у эфіры ток-шоу «PRO ЗДАРОЎЕ» распавяла доктар Тамара Турбінская, піша sb.by.

— Ёсць раслінныя кампаненты, якія называюцца фітастэролы. Яны ўтрымліваюцца ў многіх прадуктах харчавання, у тым ліку ў расліннай клятчатцы, — адзначыла доктарка.

Паводле яе слоў, дастаткова клятчаткі ўтрымліваецца ў 1,5 кубках аўсянай кашы.

— Прычым гаворка не пра шматкі, а пра крупы, якія трэба замочваць на ноч і варыць паўгадзіны. Пры рэгулярным прыёме халестэрын зніжаецца на 10—15%, — кажа спецыяліст.

Дапамагчы можа і гарбузовая клятчатка.

— Яна прадаецца, гэта даступна, — гаворыць Тамара Турбінская. — Можна купляць клятчатку з насення лёну і растаропшы. Вазьміце палову чайнай лыжкі, размяшайце ў 0,5‑1 шклянцы вады (цёплай ці пакаёвай тэмпературы), прымайце два разы на дзень разам з ежай. Можна замест гэтага дадаваць у стравы, напрыклад, у кашу.

Яшчэ адзін эфектыўны прадукт для зніжэння ўзроўню «дрэннага» халестэрыну — бабовыя. Іх таксама можна дадаваць у свой рацыён 2‑3 разы на тыдзень. Ужываць іх варта не ў сырым выглядзе, лепш варыць ці запекчы.

Фітастэролы таксама ўтрымліваюцца ў арэхах і кунжуце. Аптымальная дзённая норма арэхаў — каля 30 г.

— Гэта, напрыклад, восем грэцкіх арэхаў. Але яны павінны быць не салёныя, не смажаныя, не глазураваныя. Іх трэба есці свежымі ці злёгку падсушанымі ў духоўцы. Лепш ужываць іх да 17:00, — распавяла Тамара Турбінская.

Доктарка звярнула ўвагу на яшчэ адзін момант, які ўплывае на халестэрын:

— Уплывае тое, а якой гадзіне вы снедаеце раніцай. З раніцы арганізм ужо гатовы да таго, каб паесці. Калі вы прачынаецеся і доўга раскачваецеся, на працягу гадзіны нічога не ясце, — гэта ўдар па жоўцевым пузыры.

Таксама адыгрывае ролю фізічная нагрузка. Лічыцца, што дапамагае 150 хвілін актыўнага руху на тыдзень. І гэта не хада. Актыўны рух — гэта калі пульс пачасціўся да 100 і чалавек спацеў.

Паводле слоў спецыяліста, важна таксама выконваць рэжым сну і няспання.

— Калі чалавек мяняе месцамі дзень і ноч, варта ўлічваць, што арганізм пры нараджэнні заточаны на іншае. Таму тэма халестэрыну для яго будзе актуальная. Значна лепш, калі вы кладзецеся ў адзін і той жа час, аптымальна — з 22:00 да 23:00, і спіце не менш за 6‑8 гадзін, — дадала Тамара Турбінская.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула