БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка: Людзі хочуць жыць у сваёй краіне свабодна

30.04.2026 / 15:05

Nashaniva.com

«Не трэба каваным ботам стукаць у дзверы чалавеку». Але тычыць гэта не ўсіх. 

Аляксандр Лукашэнка. Фота: AP Photo / Pavel Bednyako

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Мінску 30 красавіка заявіў пра недапушчальнасць перагібаў у працы кантралёраў.

Ён звярнуў увагу на нядаўнюю размову са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Васілём Герасімавым, у якой ішла гаворка пра недапушчальнасць перагібаў у працы кантралёраў.

«Я проста хачу падкрэсліць — і ўраду, і губернатарам, і асабліва нашым парламентарыям. Васіль Мікалаевіч [Герасімаў] засвоіў.

Мы ні ў якім разе не павінны перайсці нейкую чырвоную лінію ў адносінах з нашым грамадствам і нашымі людзьмі, — сказаў Лукашэнка. — Ні ў якім разе мы не павінны заціскаць людзей так, што яны (асабліва кіраўнікі) будуць азірацца на кожны крок. Людзі хочуць жыць у сваёй краіне свабодна».

Паводле яго слоў, у прыватнасці ў працы КДК назіраецца пэўны крэн, якога быць не павінна. «Такое ёсць, хай не ў Герасімава, а ў падначаленых, у іншых — прыйсці і паказаць свой спрыт. Вось мала не падасца ад гэтага спрыту», — дадаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што недапушчэнне такіх перагібаў з’яўляецца ў тым ліку зонай адказнасці ўрада і старшыняў аблвыканкамаў. У выпадку, калі такія перагібы ўсё ж маюць месца, можна звярнуцца да яго, запэўнівае ён.

Лукашэнка сказаў, што ў кайданкі трэба браць тых, хто гэтага заслугоўвае. Напрыклад, калі ў праваахоўнікаў ёсць інфармацыя пра тое ці іншае парушэнне. «Калі такой інфармацыі няма, не трэба каваным ботам стукаць у дзверы чалавеку. Ні ў якім разе», — сказаў ён.

Але з тымі, хто не падтрымлівае Лукашэнку, відаць, так можна. Ён такіх людзей, выглядае, абазначыў як тых, «хто хоча разбурыць краіну», і паставіў іх у адзін шэраг з жулікамі, хабарнікамі, прайдзісветамі. 

«Ціснуць бязлітасна трэба на хабарнікаў, прайдзісветаў, жулікаў і тых, хто хоча разбурыць краіну. Тут прабачэння не павінна быць ніякага. Але хадзіць і стрыгчы пад адзін грэбень усіх, каго трэба і не трэба ў краіне, ні ў якім разе нельга», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула