БЕЛ Ł РУС

На матчы Лігі чэмпіёнаў фанаты закідалі ўсё поле туалетнай паперай

30.04.2026 / 08:17

Nashaniva.com

Незвычайны перформанс адбыўся ўчора на паўфінале футбольнага еўракубка «Атлетыка» — «Арсенал», што прайшоў у Мадрыдзе.

Фота: Alvaro Medranda/Quality Sport Images/Getty Images

Фанаты «Атлетыка» закідалі поле рулонамі з паперай. Так заўзятары падкрэслілі сувязі «Атлетыка» з Аргенцінай, піша sports.ru.

Дождж з туалетнай паперы не так часта можна ўбачыць у Еўропе. Затое гэты жэст падтрымкі шырока распаўсюджаны па ўсёй Аргенціне.

Ультрас мадрыдцаў «Фрэнтэ Атлетыка» заклікалі фанатаў прыйсці на стадыён раней, каб падтрымаць каманду і кінуць рулоны туалетнай паперы.

Зараз сувязі «Атлетыка» з Аргенцінай як ніколі моцныя: тут і легендарны Дыега Сімеоне трэніруе, і яго сын Джуліяна гуляе, і найлепшы бамбардзір клуба Хуліян Альварэс — чэмпіён свету 2022 года.

Фота: David Ramos — UEFA/UEFA via Getty Images

Таму вось так. Заўзятары «Кільмес Атлетыка Клуб» даўно выкарыстоўваюць масавыя выкіды туалетнай паперы. Гэты перформанс асабліва запомніўся на чэмпіянаце свету па футболе 1978 года ў Буэнас-Айрэс.

У 1961 годзе фанаты «Кільмеса» раскідалі 210 тысяч этыкетак ад піва — з такімі «падарункамі» яны прыехалі да галоўнага суперніка «Банфілда». Піва назвалі ў гонар горада Кільмес — там яго ўпершыню зварылі. Дзякуючы знаходлівасці аднаго з фанатаў ім удалося атрымаць ад бровара ў мяшках па тры тысячы ўжо спісаных ад старасці этыкетак.

Прэса жорстка раскрытыкавала гэты перформанс: палічылі, што фанаты засмечваюць поле, а Аргенцінская футбольная асацыяцыя нават аштрафавала бровар за схаваную рэкламу падчас раскідвання этыкетак.

Півавары ўбачылі ў гэтым шанец для прасоўвання: заплацілі штрафы і працягнулі так рабіць. На матчы «Кільмес» — «Сан-Ларэнса» ў 1962 годзе іх этыкеткі ўжо кідалі з чатырох трыбун мясцовага стадыёна.

Для аргенцінскіх балельшчыкаў гэта быў не проста рэкламны ход. Фанаты з іншых гарадоў да этыкетак дадалі шмат туалетнай паперы — паступова гэта таксама стала традыцыяй.

«Атлетыка» нагадаў аб гэтай гісторыі.

Першы паўфінал скончыўся з лікам 1:1. Гульня ў адказ праз тыдзень у Лондане.

У другім паўфінале гуляюць ПСЖ і «Баварыя». Першы матч у Парыжы ПСЖ выйграў 5:4.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула