У Лідскім раёне спрабуюць збыць з рук збанкрутаваны бровар
У Лідскім раёне на продаж зноў выставілі лікёра-гарэлачны завод «Мажэйкава», які спыніў працу пасля банкруцтва ўладальніка. Лот з'явіўся на пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне».
Прадпрыемства знаходзіцца ў аграгарадку Мажэйкава. Яно было пабудавана яшчэ ў савецкі час, а пазней прайшло мадэрнізацыю. Гэта, аднак, не ўратавала завод ад закрыцця: у 2019 годзе яго спынілі пасля таго, як сельскагаспадарчае прадпрыемства «Мажэйкава», якому ён належаў, прызналі неплацежаздольным.
Будучаму пакупніку прапануюць цэлы вытворчы комплекс: цэх лікёра-гарэлачнай прадукцыі, сховішча спірту, склад гатовай прадукцыі, яшчэ шэраг будынкаў і абсталяванне — усяго 14 аб’ектаў. Таксама ў камплект уваходзіць зямельны ўчастак у арэнду на 50 гадоў.
Аўкцыён прызначаны на 14 мая. Стартавая цана складае 18 мільёнаў рублёў. Купец павінен будзе ўнесці задатак у памеры 10% ад канчатковага кошту, а астатнюю суму аплаціць цягам 20 дзён.
Гэты завод спрабуюць прадаць ужо не ўпершыню — з 2024 года таргі праводзілі некалькі разоў, але ахвотных набыць такі актыў пакуль не знайшлося.
Чытайце таксама:
На Палессі танна прадаюць сядзібу ХІХ стагоддзя з чырвонай цэглы. Можна перарабіць у жылы дом
Гарналыжны комплекс «Лагойск» выставілі на аўкцыён
У Віцебску на таргі выставілі аўтазак
Будынак вакзала ў Віцебску зноў спрабуюць прадаць з аўкцыёну