БЕЛ Ł РУС

«Мы будзем кантраляваць Маскву». Былы віцэ-прэм'ер Чачні заявіў, што мусульмане гатовыя ўзяць уладу ў Расіі

28.04.2026 / 09:51

Nashaniva.com

«За намі людзі, якія, калі трэба, і галаву адарвуць, і башку знясуць, і на барыкады пойдуць, і барыкаду выбудуюць». 

Мусульмане, якія пражываюць у Маскве, гатовыя ў патрэбны момант узяць уладу ў свае рукі, усталяваць тую ўладу, якая будзе ім зручная, каб Расія больш не прычыняла шкоды навакольным краінам і народам. Пра гэта ў інтэрв'ю каналу «Різні люди» заявіў Руслан Кутаеў, прэзідэнт Асамблеі народаў Каўказа, які ў 1996—97 гадах займаў пасаду віцэ-прэм'ера Чачні, а пасля быў памочнікам па асаблівых даручэннях прэзідэнта Чачні Аслана Масхадава, піша The Moscow Times. 

Паводле слоў Кутаева, які ў пачатку 2026 года ўвайшоў у склад Платформы расійскіх дэмакратычных сіл пры ПАСЕ, у Маскве пражываюць мільёны мусульман, якія бавяць час у «качалках», трэніруюцца і ў патрэбны момант выйдуць на барыкады.

«Мы не проста вернемся — спачатку мы папрацуем у Маскве. Мы ўсталюем там уладу, якая нам зручная. Чаму? Таму што ў Маскве сёння пражывае да 15 млн чалавек. 5 млн прыезджых, 10 млн людзей, якія маюць прапіску. З іх 3,5—4 млн людзей, якія вызнаюць іслам, практыкуюць іслам, каўказцы і прадстаўнікі азіяцкіх народаў. З усімі лідарамі азіяцкіх народаў у Асамблеі народаў Каўказа выбудаваныя цудоўныя адносіны. І ў час X, калі ў Расіі трэба будзе дзейнічаць, мы будзем дзейнічаць», — сказаў Кутаеў.

Паводле яго слоў, за тымі, хто разлічвае на «амерыканскія і на брытанскія грошы», каб кіраваць Расіяй, стаяць «студэнцікі, якія з ліхтарыкамі будуць хадзіць». «Што за намі? Людзі, якія, калі трэба, і галаву адарвуць, і башку знясуць, і на барыкады пойдуць, і барыкаду выбудуюць», — сказаў Кутаеў.

«Мы будзем кантраляваць Маскву для таго, каб Масква не выпендрывалася і не наносіла шкоду навакольным народам і навакольным дзяржавам. Толькі так, і па-іншаму не атрымаецца», — дадаў ён.

Паводле слоў Кутаева, у Расіі творыцца «хаос», ніхто «не давярае ўладзе».

«З розных рэгіёнаў, не кажу за Каўказ, з рускіх рэгіёнаў кожны дзень мае памочнікі атрымліваюць ад людзей паведамленні, што там робіцца на прылаўках, пра што кажуць у аўтобусах, што там адбываецца на вуліцах. Ніхто не верыць Пуціну. Усе ведаюць, што Пуцін прайграў», — сказаў Кутаеў.

Пры гэтым, калі пачнецца падзел улады, трэба будзе «дамовіцца з намі, з народамі, якія мы аб'ядналі ў Маскве, — падкрэсліў ён. — Таму што мы будзем з'яўляцца галоўнай сілай, якая вызначае, як будуць адбывацца падзеі ў Маскве. Мы проста чакаем. Мы проста чакаем, калі гэтая ўмова наступіць. І нас вельмі шмат, нас вельмі шмат».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула