БЕЛ Ł РУС

Літоўскія памежнікі паказалі, як каля мяжы з Беларуссю раку пераплывае мядзведзь ВІДЭА

27.04.2026 / 21:50

Nashaniva.com

На мяжы Літвы з Беларуссю літоўскія памежнікі заўважылі мядзведзя, які спакойна хадзіў каля дзяржаўнай мяжы ў Ігналінскім раёне.

Жывёліну зафіксавалі супрацоўнікі заставы Цверач пры дапамозе сістэмы назірання. Мядзведзь з’явіўся каля самай мяжы ў месцы, дзе рака Дзісна з тэрыторыі Літвы цячэ ў Беларусь. У гэтым раёне мяжа праходзіць па сярэдзіне ракі.

Спачатку звер ішоў уздоўж фізічнага бар’ера, усталяванага з літоўскага боку. Потым ён агледзеўся каля моста праз Дзісну, якім карыстаюцца памежнікі падчас патрулявання.

Пасля гэтага мядзведзь спакойна пайшоў углыб Літвы. Побач з ім па патрульнай дарозе праехаў службовы пазадарожнік памежнікаў, але жывёліна амаль не спалохалася.

Неўзабаве мядзведзь пераплыў раку, перасёк патрульны шлях і знік у лясах краіны.

Акрамя гэтага выпадку, за апошнія суткі мядзведзяў бачылі таксама супрацоўнікі гэтай жа і суседняй памежных застаў. Пакуль невядома, ці гэта быў адзін і той жа звер.

Літоўскія памежнікі адзначаюць, што на 679‑кіламетровай мяжы з Беларуссю мядзведзяў заўважаюць ужо не ўпершыню.

Чытайце таксама:

Мядзведзь ужо тыдзень абкрадае пчаляра пад Шумілінам

Рысь, якая гуляе, мядзведзь і фламінга на фоне правадоў. За каго галасавалі гледачы на конкурсе «Фатограф дзікай прыроды года»

Шуневіч: Адзіная мэта дазволу палявання на мядзведзяў і рысяў — даць больш свабоды паляўнічым у выбары трафеяў

У мінулым годзе ў Беларусі паляўнічыя застрэлілі 39 мядзведзяў

Каментары да артыкула