Аліеў заявіў пра падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і гатоўнасць разам рабіць зброю
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заявіў пра падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Уладзімір Зяленскі і Ільхам Аліеў. Фота: x.com/presidentaz
Паводле слоў азербайджанскага лідара, Азербайджан і Украіна і надалей будуць падтрымліваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць сваіх дзяржаў у міжнародных арганізацыях.
Таксама кіраўнік Азербайджана паведаміў, што яны з Зеленскім «абмяняліся думкамі пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, і тут таксама ёсць вялікія перспектывы». Паводле яго слоў, ВПК у абедзвюх краінах развіваецца і існуюць «вялікія магчымасці» для сумеснай украінска-азербайджанскай вытворчасці ў гэтай сферы.
Зяленскі раней паведаміў, што падчас ягонай сустрэчы з Аліевым у азербайджанскім горадзе Габала былі падпісаныя шэсць дакументаў у розных сферах, у тым ліку ў абаронна-прамысловым комплексе. Паводле слоў украінскага прэзідэнта, сумесная вытворчасць узбраенняў можа ўзмацніць бяспеку і стаць стрымлівальным фактарам для магчымых агрэсараў.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі энергетычнае і гуманітарнае супрацоўніцтва, а таксама працу міжурадавай камісіі па эканамічных пытаннях.
Асобна Зяленскі адзначыў гатоўнасць Украіны да новых трохбаковых перамоў з удзелам ЗША і Расіі ў Азербайджане, калі будзе палітычная воля да дыялогу.
Чытайце таксама:
Зяленскі: Украіна гатова правесці трохбаковыя перамовы з ЗША і Расіяй у Азербайджане