БЕЛ Ł РУС

Дунін-Марцінкевіч ці не Дунін-Марцінкевіч? Каму належыць загадкавы фотапартрэт з дарэвалюцыйнага нумара «Нашай Нівы»

25.04.2026 / 09:00

Ф. Раўбіч

У 1910 годзе на старонках «Нашай Нівы» з'явіўся невядомы фотапартрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які дагэтуль выклікае спрэчкі. Адны бачаць выразнае падабенства ў рысах твару, іншыя — яго адмаўляюць. Разабраліся нарэшце, каму ж належыць гэты партрэт.

У сацыяльных сетках зноў разгарэлася спрэчка вакол фотаздымка з 48‑га нумара «Нашай Нівы», які пабачыў свет у лістападзе 1910 года. Партрэт быў змешчаны на першай старонцы нумара, у артыкуле да 25‑годдзя смерці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і быў падпісаны як мінская фатаграфія драматурга 1860‑х гадоў.

Параўнанне гэтага кадра з найбольш вядомым і сапраўдным партрэтам пісьменніка, зробленым у 1860‑1861 гадах у мінскай майстэрні Антона Прушынскага, падзяліла людзей на два лагеры.

Нумар «Нашай Нівы» за 1910 год з фотаздымкам, падпісаным як партрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Абаронцы сапраўднасці знаходзілі падобную лінію росту валасоў, абрысы вуснаў, нос бульбінай і падбароддзе з ямінкай знізу. Усе відавочныя адрозненні яны тлумачылі вялікай часавай адлегласцю паміж здымкамі (хоць датуюцца яны ў крыніцах адным дзесяцігоддзем) і ўзроставымі зменамі.

Фотапартрэт з нумара «Нашай Нівы» за 1910 год, падпісаны як партрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Фота: Wikimedia Commons

Фотапартрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, зроблены ў мінскай майстэрні Антона Прушынскага ў 1860—1861 гг. Фота: Wikimedia Commons

Доктар Андрусь Белавежкін нават выказаў прафесійнае меркаванне пра магчымы гіпатэрыёз у пісьменніка. Пры такім эндакрынным захворванні твар сапраўды робіцца азызлым і мяняецца менавіта такім чынам, пры гэтым доктар не выключаў і звычайнага атлусцення.

Спрэчкі наконт гэтага фотаздымка ўзнікаюць ужо не першы раз, але раней прыходзілі да высновы, што на здымку ўсё ж не беларускі драматург. Але ж і даказаць гэта выключна на візуальным параўнанні не ўдавалася.

Тэхналогіі замест штангенцыркуля

Але як дакладна даказаць, што гэта не партрэт Дуніна-Марцінкевіча? Мы звярнуліся ў гэтым пытанні да сучасных тэхналогій. Каб дакладна абвергнуць прыналежнасць партрэта Дуніну-Марцінкевічу, трэба было проста знайсці таго, хто на ім сапраўды адлюстраваны.

Спецыялізаваныя сэрвісы па пошуку працуюць і з гістарычнымі фотаздымкамі. Праўда, звычайна нізкая якасць фотаздымкаў і тое, што велізарная частка візуальнай спадчыны загінула ў ліхалеццях мінулага стагоддзя, была выкінутая нашчадкамі на сметнік або проста ніколі не алічбоўвалася, стварае значныя абмежаванні пры пошуку.

Барташэвіч, удзельнік паўстання 1863 года. Фота: genealogia.okiem.pl / з архіва Эвы Гейштар

Адваротны бок здымка з подпісам. Фота: genealogia.okiem.pl / з архіва Эвы Гейштар

Але ў гэтым выпадку нам пашчасціла: у партрэта з нумара «Нашай Нівы» знайшлося вызначанае алгарытмамі падабенства з партрэтам на польскім генеалагічным сайце. 

Сумнявацца не выпадае, бо перад намі дакладна той самы чалавек. На знойдзеным фота ён крыху старэйшы, сівейшы, дадалася рэдкая барада, але засталіся тыя ж рысы: густыя валасы вожыкам, рэзкая лінія рота, характэрнае падбароддзе з ямінкай, а таксама тое ж авальнае шкло акуляраў. На адваротным баку фатаграфіі подпіс — «J. Bartoszewicz».

Мінская інтэлігенцыя ў аб’ектыве Прушынскага

Больш якасны здымак з генеалагічнага сайта дазволіў выйсці на іншую важную фатаграфію. Гаворка ідзе пра даволі вядомы групавы партрэт прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі, зроблены ў маі 1861 года тым жа Антонам Прушынскім, які і сам прысутнічае ў кадры.

Групавы здымак Антона Прушынскага з патрыятычнай інтэлігенцыяй у Мінску. 18 мая 1861 г. Стаяць злева направа — Антон Прушынскі, Міхал Дабравольскі, Багуслаў Сямірадскі, Валеры Валодзька. Сядзяць злева направа — Ян Навакоўскі, Юзаф Любічанскі, Караль Станкевіч, Юзаф Барташэвіч, Мікалай Караткевіч, Міхал Янкоўскі. Фота: Wikimedia Commons

Юзаф Барташэвіч з групавога здымка. Фота: Wikimedia Commons

Пад фігурай Багуслава Сямірадскага, будучага паўстанцкага начальніка Мінска, сядзіць той жа самы мужчына з жорсткім, насупленым тварам і са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Подпіс пад фота здымае ўсе пытанні: гэта Юзаф Барташэвіч, якому на той момант было каля дваццаці трох гадоў.

Хто ж такі гэты Юзаф Барташэвіч, чый твар выпадкова трапіў на першую старонку галоўнай беларускай газеты пачатку XX стагоддзя? Юзаф Барташэвіч нарадзіўся каля 1838 года ў шляхецкай сям’і, яго бацькам быў Ануфрый Барташэвіч. Юзаф працаваў ураднікам у канцылярыі Мінскай палаты грамадзянскага суда.

Калі ўспыхнула паўстанне, Барташэвіча западозрылі ў палітычнай ненадзейнасці. За ўдзел у патрыятычных маніфестацыях ён быў арыштаваны і ўжо ў 1864 годзе па рашэнні сумнавядомага Міхаіла Мураўёва прымусова адпраўлены шарагоўцам у заходнесібірскія лінейныя батальёны. Яго шлях пралягаў у Табольскую губерню.

Сібірскі след

Пасля звальнення з вайсковай службы Барташэвіч атрымаў дазвол застацца ў Цюмені Табольскай губерні, дзе здолеў прымяніць свае юрыдычныя веды. Ён пачаў працаваць павераным у Альфонса Козел-Паклеўскага, «гарэлачнага караля Урала» і ўраджэнца Лепельскага павета, а таксама абслугоўваў мясцовых купцоў. У ліпені 1872 года быў вызвалены з-пад паліцэйскага нагляду.

Вядома, што ў студзені 1873 года Барташэвіч усё яшчэ жыў у Табольскай губерні і не меў сям’і. На гэтым, як лічылася, след мінскага паўстанца губляецца. Аднак у метрычных кнігах омскага касцёла можна адшукаць запіс за 1891 год, дзе нейкі Іосіф Барташэвіч выступаў хросным бацькам разам з Ядвігай Карнацэвіч.

Гэтая жанчына ў дзявоцтве насіла прозвішча Рыбінская і з'яўлялася праўнучкай генерала паўстання 1831 года Мацея Рыбінскага. Яна была жонкай ссыльнага шляхціца з Пастаўскага павета Юзафа Карнацэвіча, які па адукацыі быў фельчарам і працаваў у Цюмені на гарбарным заводзе. Сама ж Ядвіга ў той час працавала ў Цюмені пісьмаводам у адваката, прозвішча якога таксама было Барташэвіч. Гэта цяжка назваць простым супадзеннем.

Больш за тое, у метрычным запісе аб нараджэнні сына Карнацэвічаў Станіслава хроснай маці пазначана нейкая Праскоўя Барташэвіч. Гэта дае падставы меркаваць, што мінскі ўраднік усё ж пусціў карані і абзавёўся сям'ёй у сібірскай высылцы.

Рэдактары «Нашай Нівы» ў 1910 годзе дапусцілі памылку, змясціўшы на першай старонцы газеты несапраўдны партрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Сёння, праз 116 гадоў, мы выпраўляем гэтую памылку і вяртаем фотаздымку яго сапраўднае імя. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула