У Беластоку пройдзе прэзентацыя кнігі «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII стагоддзя і да нашага часу»
27 красавіка ў Беластоку пройдзе прэзентацыя кнігі «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII стагоддзя і да нашага часу» з удзелам аднаго з яе аўтараў Алега Латышонка.
Алег Латышонак — вядомы гісторык, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта. Аўтар папулярных гістарычных і публіцыстычных прац «Жаўнеры БНР», «Нацыянальнасць — беларус», «Беласток — Полацак», а таксама манаграфій пра мінулую і сучасную геапалітыку Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Гэта сінтэтычны нарыс гісторыі Беларусі апошніх 275 гадоў. Кідаецца ў вочы адсутнасць звычайнай для афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі прарасійскай перспектывы. У прыватнасці, уцягванне Беларусі ў расійскую культурную і геапалітычную арбіту пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай разглядаецца з пункту гледжання аддалення ад еўрапейскіх культурных і палітычных ідэалаў.
У адрозненне ад калег у Рэспубліцы Беларусі, для беластоцкіх гісторыкаў няма забароненых або непажаданых тэмаў. Таму гаворка тут ідзе і пра паўнамаштабную русіфікацыю Беларусі ў складзе СССР, і пра спробы нацыянальнага жыцця ў Беларусі пад нямецкай акупацыяй, і пра пытанне палітычнай легітымасці Аляксандра Лукашэнкі. Нарацыя даведзена да выбараў 2020 года з іх асноўнымі дзейнымі асобамі, у тым ліку асвятляецца выбарчая кампанія Віктара Бабарыкі і іншых апазіцыйных палітыкаў.
З кнігі можна даведацца:
- пра Беларусь у сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя (краіну і людзей, сацыяльную структуру, гаспадарку і больш пра эпоху ранняга Асветніцтва).
- пра культуру Беларусі ў ХІХ стагоддзі, а таксама пра яе палітычнае і інтэлектуальнае жыццё.
- пра тое, як узнік і развіваўся беларускі нацыянальны рух.
- пра сталінскі генацыд беларусаў.
- пра беларускае нацыянальнае жыццё ў Польшчы.
- пра дзейнасць БНФ і пра характар прэзідэнцтва Лукашэнкі.
- пра знешнюю палітыку Беларусі пасля атрымання незалежнасці.
Дата правядзення прэзентацыі: 27 красавіка 2026 года (панядзелак), 19:00—20:30 (CET).
Адрас: Беласток, «Суседскі дом», ul. Sienkiewicza 82, -1 паверх.
Прэзэнтацыя праводзіцца пры падтрымцы праграмы Еўрапейскага саюза EU4Belarus: Support to Advanced Learning and Training (SALT II).
Чытайце таксама:
Дзякуючы рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі няма вайны — Латышонак
Сцвярджэнне, што «ВКЛ — гэта была Беларусь», фальш — гісторык Латышонак