Калі адбудуцца перамовы ЗША і Ірана і ці адбудуцца яны ўвогуле, становіцца ўсё менш зразумела
Іран не прасіў аб падаўжэнні рэжыму спынення агню.
Вэнс узначальваў дэлегацыю ЗША на перамовах у Ісламабадзе 11‑12 красавіка. Фота: Jacquelyn Martin — Pool / Getty Images
Калі пройдуць перамовы ЗША і Ірана і ці адбудуцца яны наогул, з кожнай гадзінай становіцца ўсё менш ясна, піша Бі-бі-сі.
Калі напярэдадні Axios і CNN упэўнена анансавалі візіт віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса ў Ісламабад, дзе ён праводзіў першы раўнд перамоў 11‑12 красавіка, то пасля заявы Трампа аб прапанове перамір'я Белы дом толькі пацвердзіў адмену яго паездкі.
Крыніцы Axios казалі пра згоду Ірана прыняць удзел у другім раўндзе перамоў, але Тэгеран інфармацыю так і не пацвердзіў.
Агенцтва Tasnim, звязанае з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, паведаміла, што Іран не прасіў аб прадаўжэнні рэжыму спынення агню.
Махдзі Махамадзі, дарадца Махамад-Багера Галібафа, спікера парламента і галоўнага перамоўшчыка Ірана, напісаў у сацсетках, што словы Трампа не маюць вялікай вагі.
«Прадаўжэнне рэжыму спынення агню Трампам, безумоўна, з'яўляецца хітрасцю, каб выйграць час для раптоўнага ўдару», — цытуе яго Reuters. Махамадзі назваў амерыканскую блакаду Армузскага праліва ваеннай агрэсіяй і дадаў: «Прыйшоў час Ірану ўзяць ініцыятыву ў свае рукі».
Іранскі парламентарый Махмуд Набавіян, які ўваходзіў у склад дэлегацыі на перамовах у Ісламабадзе, пасля паста Трампа аб прадаўжэнні перамір'я напісаў у сацсетцы X, што «з гэтага моманту» перамовы з ЗША «відавочна шкодныя і ірацыянальныя».
Не ясна таксама, ці пагодзіцца прадоўжыць перамір'е Ізраіль.