БЕЛ Ł РУС

Рынак працы чакае вялікая праблема — і гэта не штучны інтэлект

20.04.2026 / 19:48

Nashaniva.com

З новым выклікам сутыкнуцца ўсе развітыя краіны.

Фота: LookByMedia

Генеральны дырэктар Indeed Хісаюкі Ідэкоба заявіў, што галоўная пагроза для рынку працы сёння — не штучны інтэлект, а імклівае старэнне працоўнай сілы. Паводле яго, дыскусія вакол ШІ адцягвае ўвагу ад значна больш маштабнай праблемы, піша devby.io.

«Насамрэч ва ўсіх развітых краінах, у тым Еўропе і ЗША, адбываецца маштабная дэмаграфічная змена — старэнне рынку працы», — сказаў Ідэкоба на эканамічным саміце Semafor World Economy Summit.

Паводле ацэнак Indeed, у ЗША ў бліжэйшыя 15 гадоў колькасць працаўнікоў скароціцца на 20 мільёнаў чалавек. Пры гэтым асноўны ўклад у гэтае зніжэнне дасць дэмаграфія, а не тэхналогіі. «Гэта прыкладна на 5% менш працаўнікоў», — адзначыў ён, дадаўшы, што

каля 80% скарачэння будзе звязана са старэннем насельніцтва і толькі 20% — з выцясненнем працоўных месцаў ШІ.

Ідэкоба падкрэсліў, што бізнэсу ўжо цяпер складана замяняць супрацоўнікаў, якія сыходзяць на пенсію, і гэта аказвае больш прыкметны ўплыў, чым аўтаматызацыя.

Праблема ўскладняецца тым, што ў многіх развітых краінах ужо назіраецца недахоп кадраў у ключавых галінах — ад будаўніцтва да аховы здароўя. Паводле кіраўніка Indeed, ЗША і Еўропа пакуль не асэнсавалі маштаб таго, што адбываецца: рынак працы скарачаецца, нягледзячы на вялікую колькасць адкрытых вакансій.

Ён прывёў у прыклад Японію, дзе падобны дэмаграфічны крызіс часткова кампенсавалі за кошт росту занятасці жанчын. У ЗША і Еўропе, на ягоную думку, такога рэзерву ўжо няма.

«У ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і ўсіх развітых краінах гэта будзе адбывацца хутчэй», — сказаў Ідэкоба.

Гэта ўжо прыводзіць да практычных наступстваў для спажыўцоў: «Менавіта таму цяпер адбываецца наступнае: ёсць вялізная колькасць адкрытых вакансій — у будаўніцтве, сантэхніцы, ахове здароўя, электрыцы — у крытычна важных прафесіях, але ў нас няма дастатковага патоку кадраў».

У выніку дэфіцыт спецыялістаў пачынае адчувацца на бытавым узроўні. «Я не хачу чакаць два месяцы, калі ў мяне з крана пацячэ вада. Але цяпер у ЗША гэта менавіта так», — адзначыў эксперт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула