БЕЛ Ł РУС

«Час пакласці канец іранскай машыне забойстваў!». Трамп ізноў прыгразіў знішчыць ядзерныя аб'екты Ірана ў выпадку правалу перамоваў у Пакістане

19.04.2026 / 16:06

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра парушэнне Іранам пагаднення аб спыненні агню пасля абстрэлу гандлёвых суднаў у Армузскім праліве. Ён анансаваў новы раўнд перамоваў 20 красавіка ў Пакістане і прыгразіў ваеннымі ўдарамі па іранскай інфраструктуры, калі здзелка не будзе заключана.

Дональд Трамп. Фота: AP Photo / Alex Brandon

У сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social Дональд Трамп паведаміў, што іранскія сілы адкрылі агонь па французскім і брытанскім грузавых караблях. Паводле яго слоў, гэта з'яўляецца грубым парушэннем дамоўленасцей аб спыненні агню.

Прэзідэнт ЗША прапанаваў Тэгерану новую здзелку, папярэдзіўшы пра жорсткія наступствы ў выпадку адмовы. Трамп прыгразіў, што Злучаныя Штаты знішчаць кожную атамную электрастанцыю і кожны мост у Іране, калі пагадненне не будзе прынятае. Ён дадаў, што зробіць тое, чаго не рабілі іншыя прэзідэнты на працягу апошніх 47 гадоў, каб пакласці канец іранскай ваеннай машыне.

Допіс Трампа ў сацыяльнай сетцы Truth Social

Новы раўнд перамоваў прызначаны на 20 красавіка ў Ісламабадзе, куды накіроўваюцца амерыканскія прадстаўнікі. Каментуючы заяву Тэгерана пра закрыццё Армузскага праліва, Трамп адзначыў, што праход ужо закрыты з-за амерыканскай блакады.

Паводле ацэнак прэзідэнта ЗША, з-за абмежаванняў суднаходства Іран губляе 500 мільёнаў даляраў штодня. Разам з тым Злучаныя Штаты атрымліваюць эканамічную выгаду, бо гандлёвыя караблі цяпер перанакіроўваюцца для загрузкі ў парты Тэхаса, Луізіяны і на Аляску.

Увечары 18 красавіка Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі афіцыйна паведаміў, што Армузскі праліў будзе закрыты для суднаходства да поўнай адмены амерыканскай блакады. Раней у той жа дзень стала вядома, што катары КВІР абстралялі два камерцыйныя судны падчас іх праходу праз праліў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула