Гамяльчук выносіў наркотыкі з бальніцы, хаваючы іх у роце
Жыхар Гомеля, які меў нарказалежнасць і праходзіў замяшчальную тэрапію ў бальніцы, замест лячэння вырашыў зарабляць на выдаваных яму таблетках, піша выданне «Белка».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Мужчына прыходзіў у медустанову, рабіў выгляд, што глытае лекі пад наглядам доктара, але насамрэч хаваў таблетку ў роце і выносіў яе на вуліцу. Выйшаўшы з бальніцы, ён выплёўваў прэпарат і прадаваў яго пастаяннаму пакупніку, які, у сваю чаргу, расплачваўся з ім марыхуанай.
Схему выкрылі супрацоўнікі міліцыі, калі мужчыну затрымалі падчас чарговай спробы вынасу наркотыку. Высветлілася, што прэпарат адносіцца да моцнадзейных кантраляваных наркатычных сродкаў.
Гэты мужчына ўжо меў судзімасць за нарказлачынствы. Цяпер суд прызначыў яму 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пакупнік прэпарата атрымаў тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленую ўстанову.
У бальніцы правялі праверку, пасля якой супрацоўнікі, якія дапусцілі магчымасць вынасу прэпаратаў, атрымалі дысцыплінарныя і матэрыяльныя спагнанні.
Чытайце таксама:
Кіроўца аўтобуса спрабаваў увезці ў Беларусь наркотыкі пад выглядам кансерваў
Мінчанку затрымалі на даху гмаху. Але гэта была палова бяды
У Варшаве беларус выкідаў з акна розныя прадметы, яго ўтаймавала паліцыя
18‑гадовая дзяўчына ў Брэсце памерла ад перадазіроўкі, было выяўлена восем наркотыкаў