Тэрарыст у Кіеве забіў шэсць чалавек і забарыкадаваўся ў супермаркеце. Яго застрэлілі падчас штурму
Спецназаўцы Корпусу аператыўных раптоўных дзеянняў (КАРД) Нацыянальнай паліцыі Украіны правялі штурм супермаркета, дзе знаходзіўся стралок, які ўзяў людзей у закладнікі. Ён аказаў супраціў і быў забіты, паведаміў Міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка.
Падчас правядзення аперацыі
Мужчына захапіў у закладнікі людзей і страляў у паліцэйскіх падчас спробы яго затрымання. Перад гэтым з ім спрабавалі звязацца перамоўшчыкі. Спробы працягваліся 40 хвілін, але на кантакт стралок не пайшоў.
Па інфармацыі «Украінскай праўды», стралка завуць Дзмітрый Васільчанкаў, дата нараджэння — 21 красавіка 1968 года. Ён нарадзіўся ў Маскве, меў грамадзянства Украіны. Раней жыў у Бахмуце Данецкай вобласці, пасля — у Галасееўскім раёне Кіева.
З'явілася і фота зброі, якой карыстаўся нападнік. Пішуць, што гэта — наразны паўаўтаматычны карабін KelTec SUB2000, які складаецца ўдвая і з'яўляецца легальнай зброяй.
Як паведамляе «Украінская праўда», у выніку страляніны загінула 5 чалавек: 4 на вуліцы, падчас руху стралка ад жылога дома да крамы, і 1 чалавек ужо ў краме, з ліку закладнікаў.
Ліквідаваны стралок
Адносна колькасці забітых у высокіх чыноўнікаў узнікалі рознагалоссі. Генеральны пракурор Украіны Руслан Краўчанка называе лічбу 4, а прэзідэнт Уладзімір Зяленскі — 5. Праўда, пасля высветлілася, што Краўчанка меў на ўвазе забітых на вуліцы і да сваёй лічбы не далучыў чалавека, які загінуў у супермаркеце.
Пасля колькасць забітых узрасла да шасці — стала вядома, што ў бальніцы памерла цяжка параненая 30‑гадовая жанчына. Пра гэта паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.
Ногі ліквідаванага стралка
Як мінімум 7 чалавек атрымалі раненні, адно дзіця ў цяжкім стане.
Цела аднаго з загінулых
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў пра 10 шпіталізаваных.
Нагадаем, што днём 18 красавіка ў Галасееўскім раёне Кіева мужчына адкрыў страляніну па людзях, а пасля закрыўся ў супермаркеце «Велмарт», узяўшы закладнікаў.
Чытайце таксама:
У Кіеве мужчына пачаў страляніну і ўзяў закладнікаў у супермаркеце