«Белшына» просіць абараніць яе ад канкурэнцыі з боку кітайцаў
Вытворцы шын у Расіі і краінах ЕАЭС, у тым ліку і беларуская «Белшына», ініцыявалі разгляд пытання аб увядзенні абмежаванняў на імпарт легкавых і лёгкагрузавых шын. Асноўная прычына — рэзкі рост паставак, перш за ўсё з Кітая, які, на думку вытворцаў, стварае моцны ціск на мясцовы рынак, піша «Коммерсант».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: av.by
У 2024—2025 гадах імпарт шын у Расію і іншыя краіны ЕАЭС дасягнуў рэкордных аб’ёмаў. Асабліва выраслі пастаўкі з Кітая: па розных ацэнках, яны займаюць каля траціны ўсяго рынку легкавых шын, а ў асобных сегментах — нават больш. Кітайскія вытворцы прапануюць у асноўным бюджэтныя мадэлі, якія канкуруюць за кошт нізкай цаны.
Паводле ўдзельнікаў рынку, гэта стала магчымым дзякуючы некалькім фактарам: слабай лагістыцы для еўрапейскіх брэндаў, сыходу часткі міжнародных вытворцаў з расійскага рынку, а таксама дзяржаўнай падтрымцы кітайскай прамысловасці. У выніку цэнавая канкурэнцыя ўзмацнілася, і мясцовыя заводы пачалі страчваць долю рынку.
Заяўнікі справы — буйныя вытворцы з ЕАЭС, сярод якіх «Кардыянт», «Кама», Ikon Tyres і бабруйская «Белшына». Яны сцвярджаюць, што імпарт наносіць шкоду галінe, бо ўласныя магутнасці недагружаныя. У сярэднім прадпрыемствы ЕАЭС працуюць прыкладна на палову сваіх магчымасцяў, а выпуск легкавых шын у апошні год нават скараціўся.
У Еўразійскай эканамічнай камісіі цяпер разглядаюць магчымасць пачатку спецыяльнага ахоўнага расследавання. Калі яно пацвердзіць шкоду для вытворцаў, могуць быць уведзеныя абмежаванні: квоты на імпарт або мыты. Абмяркоўваецца ўзровень каля 30%, але гэта пакуль толькі адзін з варыянтаў.
Калі такія меры будуць прынятыя, яны закрануць увесь імпарт, але найбольшы ўплыў адчуюць менавіта танныя кітайскія шыны, якія сёння займаюць значную частку рынку. Эксперты адзначаюць, што гэта можа прывесці да павышэння цэн, асабліва ў бюджэтным сегменце, дзе альтэрнатыў менш за ўсё.
У той жа час прадстаўнікі галіны сцвярджаюць, што мэтай з’яўляецца не закрыццё рынку, а выраўноўванне канкурэнцыі. Яны падкрэсліваюць, што без абарончых мер мясцовая вытворчасць будзе і далей скарачацца.
Чакаецца, што рашэнне па пачатку расследавання і магчымых мерах можа быць прынята на працягу бліжэйшых месяцаў, але канчатковыя вынікі, хутчэй за ўсё, з’явяцца толькі да восені, бо працэдура патрабуе часу і аналізу рынку.
Чытайце таксама:
На «Белшыну» зноў наклалі санкцыі, якія знялі два гады таму
Як Брэстчына з «ахвяры індустрыялізацыі» ператварылася ў прамысловага лідара краіны
Буйныя дзяржпрадпрыемствы хочуць працаўладкаваць тысячы работнікаў