БЕЛ Ł РУС

«Калі і прыеду ў Беларусь, то ўжо як турыст». Аргенцінец хацеў зрабіць бізнэс у Беларусі, але яго выслалі за драбязу. Цяпер дазволілі вярнуцца, але ёсць нюанс

16.04.2026 / 14:41

Nashaniva.com

Разам з ім з краіны з'едзе і яго жонка-беларуска з дзецьмі. 

Гісторыя кахання і бізнэс-планаў у Беларусі аргенцінца Фрэдзі і яго беларускай жонкі Марыны аказалася драматычнай. Пасля рэзананснай дэпартацыі МУС дазволіў мужчыне вярнуцца ў краіну, але пара ўжо паспела развітацца з марай пра беларускае жыццё, піша «Смартпрэс».

Падзеі ў жыцці аргенцінца Фрэдзі і яго беларускай жонкі Марыны развіваюцца імкліва. За два гады знаёмства пара паспела пазнаёміцца ў Алікантэ, пазней перабралася жыць на хутар у Валожынскі раён, купіла коней, задумала будаўніцтва незвычайнага атэля.

Але 14 сакавіка Фрэдзі выслалі з краіны за тое, што ён сеў за руль машыны, не маючы беларускіх правоў.

У верасні 2024 года Фрэдзі пераехаў жыць у Беларусь. Неўзабаве яны з Марынай справілі вяселле

Гісторыю Фрэдзі і тое, як ён уладкаваўся ў Беларусі, медыі ўжо распавядалі

Падчас снегападаў і маразоў у доме Фрэдзі скончылася ежа, а Марына не змагла дабрацца да Кукава з Мінска. Таму мужчына сеў за руль і паехаў у краму ў суседнюю вёску. 

На хутары разам з Фрэдзі жылі тры коні, два сабакі і трусы. Цяпер у хутара новыя гаспадары

— Якраз у гэты момант яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Муж не перавышаў хуткасць, не быў п’яны, але аказалася, што ён не можа ездзіць у Беларусі па сваіх аргенцінскіх правах. Фрэдзі аштрафавалі, а звесткі пайшлі ў міграцыйную службу. Нас выклікалі і сказалі, што Фрэдзі могуць выслаць з краіны, — распавядала Марына.

Аказалася, што іх план будаваць экаатэль і катацца па лесе на конях вось-вось можа рухнуць. 

— Калі было прынята рашэнне аб дэпартацыі мужа, было вельмі крыўдна. Фрэдзі на эмоцыях спаліў на хутары ўсю рабочую вопратку, — распавядае Марына. — 14 сакавіка муж паляцеў з Беларусі. А далей гісторыю падхапілі многія акаўнты ў Instagram і TikTok, адзін з ролікаў набраў 800 тысяч праглядаў, і нам патэлефанавалі з ГУУС Мінгарвыканкама…

За той кароткі час, што прайшоў з моманту розгаласу гісторыі, Фрэдзі дэпартавалі з краіны і забаранілі ўезд на 3 гады, ён развітаўся з беларускім хутарам, які паспеў палюбіць, прадаў усю маёмасць. І ў гэтыя ж дні на імя яго жонкі прыйшоў ліст з Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.

«З улікам абставін, выкладзеных у звароце, Дэпартаментам прынята рашэнне аб скарачэнні вашаму мужу тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь. Заязджаць на тэрыторыю краіны яму дазволена з 15.04.2026», — гаворыцца ў дакуменце.

Гэты ліст з Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Марына атрымала 1 красавіка.

Марына пазнаёмілася з Фрэдзі падчас адпачынку ў Іспаніі

Марына ўспамінае, як пасля дэпартацыі мужа ёй патэлефанавалі з міліцыі і прапанавалі дапамагчы скласці пакет дакументаў для абскарджання рашэння.

— Мне дапамаглі — і вось вынік. Не разумею, навошта Фрэдзі трэба было высылаць з краіны? — задаецца пытаннем Марына. — Ён жа нічога страшнага не зрабіў.

«Вяртаюся на радзіму з новай бізнес-ідэяй»

Яшчэ да дэпартацыі пара прыдумала запасны варыянт: яны ўсе разам (у Марыны ёсць дачка Даяна і сын Філіп ад першага шлюбу — заўв.аўт.) паедуць у Аргенціну, купяць аўтадом і два гады будуць калясіць па краіне, прыгледжваючы месца для новага жыцця. Як толькі Фрэдзі пакінуў Беларусь, сям’я пачала падрыхтоўку да пераезду: Марына з дзецьмі ўжо збірае дакументы, а Фрэдзі знайшоў аўтадом, дзе ім трэба будзе жыць у бліжэйшы час.

Званок карэспандэнтаў застаў пару ў цягніку Мілан — Бергама. Яны ўжо ў Італіі?! Заблытацца ў пунктах перамяшчэння сужэнцаў лёгка. То яны на хутары ў Беларусі, то ў іспанскім горадзе Алікантэ, дзе ў Фрэдзі ёсць дом. А зараз вырашылі некалькі дзён правесці ў Італіі.

Першым у Аргенціну паляціць Фрэдзі, а ўлетку да яго далучыцца Марына з дзецьмі.

— Я вяртаюся на радзіму ў Аргенціну. Там у мяне ёсць дом, родныя, і я ўжо прыдумаў новую бізнэс-ідэю, — дзеліцца Фрэдзі.

«Крыўдна не за дом, які прадалі, а за жывёл»

За паўтара года жыцця ў Беларусі Фрэдзі купіў два вясковыя дамы (першы ў Валожынскім раёне, другі — у Маладзечанскім), адрамантаваў іх, прыдумаў не зусім тыповы атэль, у якім і людзі, і коні могуць жыць разам. Як жа яго планы на хутар?

— А куды мне ехаць? Мы ўсё прадалі: хутар з коньмі ў Кукаве, сабак, аўтамабіль. Выставілі на продаж будынак старой школы, з якой хацеў зрабіць атэль, — адзначае Фрэдзі.

Пара вельмі хутка прадала ўсю маёмасць у Беларусі.

— У гэтай сітуацыі больш крыўдна за жывёл, з якімі прыйшлося развітацца. Мы вельмі да іх прывязаліся. Разглядалі варыянт, як можна пераправіць аднаго з сабак у Аргенціну. Але ён байцоўскі, важыць больш за 50 кг, а такіх на борт самалёта не бяруць, — тлумачыць Марына.

Лобу прыйшлося пакінуць на хутары разам з коньмі. Цяпер у іх новыя гаспадары.

— Вось да страты дома ставімся лягчэй: адно жыллё можна прадаць, другое купіць. За Кукава мы не перажываем: наш хутар дастаўся маладым і цікавым рабятам.

«Я ж працаваў добра, хацеў рабіць бізнэс»

Менавіта ў той момант, калі Фрэдзі пакінуў Беларусь, у краіне спрасцілі працэдуру атрымання вадзіцельскіх правоў для замежнікаў. Цяпер замежнікам, якія хочуць атрымаць пасведчанне ў РБ і ў якіх ужо ёсць правы, выдадзеныя ў іншай дзяржаве, дастаткова здаць практычны экзамен. Тэорыю прыбралі. Яе трэба было здаваць на рускай мове, але не ўсе замежнікі валодаюць ёй дасканала.

— Я ведаю рускую, але не так добра, — Фрэдзі раней тлумачыў, з-за чаго ўзнікла такая сітуацыя. — Калі здаеш тэст на кіраванне, нельга карыстацца перакладчыкам. І даюць усяго 15 хвілін…

Аргенцінец рады, што ў выніку ў яго сітуацыі разабраліся і дазволілі вярнуцца, але прызнаецца: асадак застаўся. Яму б хацелася, каб да падобных гісторый падыходзілі больш гібка.

— Я ж працаваў добра, хацеў рабіць бізнэс, — разводзіць рукамі Фрэдзі. — Калі я і прыеду ў Беларусь, то ўжо як турыст.

1 чэрвеня Марына з дзецьмі ляціць у Аргенціну.

— У нас дакладна ўсё атрымаецца, — упэўненая яна. — Няма ніякага страху, ужо збіраем валізкі.

Як стала вядома рэдакцыі пазней, Фрэдзі ўжо купіў аўтадом у Аргенціне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула