БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка падпісаў закон, якім уводзіцца адказнасць за «прапаганду» бяздзетнасці і гомасэксуалізму

15.04.2026 / 18:19

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці». Гэта першае буйное абнаўленне гэтых кодэксаў з 2021 года, калі ва ўладаў з'явілася пільная патрэба іх змяніць для больш эфектыўнага правядзення палітычных рэпрэсій.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Цяперашнія змены пашыраюць пералік адміністрацыйных правапарушэнняў. Сярод новага — адказнасць за незаконныя аперацыі з крыптаактывамі (токенамі), парушэнні ў сферы якасці і пакрыцця паслуг мабільнай сувязі, а таксама за парушэнні пры набыцці службовых аўтамабіляў.

Асобны блок дакумента тычыцца так званых «традыцыйных каштоўнасцяў». Уводзяцца штрафы сумай да 900 рублёў за прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, педафіліі і бяздзетнасці. Калі такія дзеянні здзяйсняюцца ў дачыненні да непаўналетніх, санкцыі ўзмацняюцца і могуць уключаць штраф да 1350 рублёў або адміністрацыйны арышт.

Таксама закон узмацняе меры прафілактыкі правапарушэнняў сярод падлеткаў і ўводзіць асобныя працэдуры выхаваўчага ўздзеяння.

Пашыраюцца і магчымасці вызвалення ад адказнасці — напрыклад, пры добраахвотным пакрыцці шкоды навакольнаму асяроддзю або выпраўленні памылак у дакументах.

Спрашчаецца адміністрацыйны працэс: скаргі можна будзе падаваць у электронным выглядзе, а некаторыя справы разглядаць без асабістага ўдзелу чалавека па яго хадайніцтве.

Усяго змяняецца каля 150 артыкулаў кодэксаў, каб, як заяўляецца, прывесці іх у адпаведнасць з іншымі законамі і практыкай прымянення.

Чытайце таксама:

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне

У Беларусі будуць штрафаваць за прапаганду гомасэксуальных адносін, бяздзетнасці і змены полу

У Беларусі ўвядуць адказнасць за гей-прапаганду. Штраф — да 800 рублёў

Каментары да артыкула