«Плача і баіцца спаць па начах». Маці першакласніцы абурылася, што дзецям у 6 гадоў расказвалі, як у Хатыні спальвалі людзей
6‑гадовая дачка беларускі Юліі трапіла на ўрок малявання, дзе першакласнікам расказвалі пра спаленых жыўцом людзей у Хатыні і дзеці пасля малявалі карцінкі па тэме. Юлія расказала ў Threads, як спрабавала дамагчыся ад выкладчыцы тлумачэнняў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: LookByMedia
Юлія выхоўвае 6‑гадовую дачку Аўрору. Днямі жанчына падзялілася ў Threads, як глядзела з малой мульт «Анастасія»:
«На сцэнах, дзе рэвалюцыя, у яе здараецца істэрыка, дзе са словамі «яны ўсе памерлі» чуваць словы «хлеў» і «спалілі». Калі атрымалася трохі супакоіцца, яна расказала пра ўрок малявання ў школе, дзе ім падрабязна расказвалі пра Хатынь — як там і дзяцей, і дарослых, і старых сагналі ў хлеў і спалілі.
А потым настаўніца прапанавала намаляваць малюнкі па тэме. Некаторыя дзеці малявалі хлеў і людзей, якія ў ім гараць, і смяяліся».
Аўрора вельмі прасіла маці пагаварыць з настаўніцай. Калі прыйшоў дзень бацькоўскага схода, Юлія папрасіла выкладчыцу пра размову, але разумення не знайшла.
Жанчына расказала настаўніцы, як Аўрора плача і баіцца спаць па начах пасля таго ўрока. Настаўніца спачатку адмаўляла, што дзецям расказвалі пра спаленых у хлеве людзей, потым спытала ў Юліі, ці была яна сама ў Хатыні, а пасля гэтага сказала, што ў 6 гадоў расказваць такое дзецям цалкам нармальна.
Далей настаўніца спаслалася на Мінадукацыі, дзе і распрацавалі такую праграму, па якой малым расказваюць пра Хатынь. Юлія спытала, ці можна неяк не наведваць такія ўрокі — яна цытуе ў Threads адказ настаўніцы:
«Не! Я магу адсадзіць яе ў іншы пакой, і чым яна там будзе займацца? Гэта праграма, зацверджаная міністэрствам. У нас будзе шмат такіх заняткаў, [заняткі] з мапай Беларусі, на якой будуць пазначаныя ўсе спаленыя вёскі».
Далей настаўніца параіла Юліі пачытаць дома «кнігі пра вайну, пра пакуты народа», абмеркаваць іх з дачкой. Жанчына запярэчыла, што не разумее, навошта яшчэ і дома гутарыць пра гэта з 6‑гадовым дзіцём.
Настаўніца выкарыстала апошні аргумент і скончыла размову:
«Вы ходзіце ў дзяржаўную школу і павінны наведваць усе запланаваныя заняткі. Калі дзяржава лічыць патрэбным расказваць дзецям пра вайну, то, калі ласка, выконвайце праграму».
У каментары да Юліі прыйшло больш за сотню людзей з падобнымі гісторыямі. Пісалі пра тое, наколькі цяжка малым дзецям перажываць расказы пра вайну і катастрофы:
«Маёй у першым класе расказвалі пра блакаду Ленінграда. Паказвалі брусочак, маўляў, гэта 125 грам хлеба і столькі давалі на дзень. Дык я шмат дзён тлумачыла дзіцяці, што мы не будзем галадаць: адкрывала халадзільнік, паказвала ежу, даказвала, што ёсць грошы на ежу».
«Настаўніца ў другім класе расказвала дзецям пра ахвяр Чырвонага Берага. Нічога я ёй не даказала, давялося самой з дзецьмі сваімі паразмаўляць і патлумачыць і пра ахвяр, і пра настаўніцу».
«Калі я вучылася ў школе ў Мінску, нам настаўніца чытала гісторыі ахвяр Галадамора, у тым ліку гісторыю жанчыны, якая праз голад з’ела сваю малодшую дачку. Я пасля гэтага не магла спаць некалькі дзён».
Хтосьці, аднак, заўважаў: ад усяго дзяцей немагчыма ўберагчы, страшныя падзеі — частка нашай рэальнасці.
«Дзеці павінны ў жыцці сутыкацца з фрустрацыяй, ад усяго вы іх не засцеражэце (і залішняя абарона ім шкодзіць). Падзеі, апісаныя на ўроку з'яўляюцца неад'емнай часткай гісторыі адразу некалькіх дзяржаў, не існуе опцыі не гаварыць пра іх».
Чытайце таксама:
Сем лістоў з такімі прызнаннямі ў каханні, а выйшла замуж за агента КГБ
Сёння ў Хатыні было ўсё кіраўніцтва. Лукашэнка не паехаў ФОТЫ