Кіраваць выбарам пляцоўкі для могільніка ядзерных адкідаў будзе былы супрацоўнік КДБ
13 красавіка Мінэнерга Беларусі паведаміла, што дырэктарам РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыёактыўнымі адкідамі» (БелРАА) прызначаны Міхаіл Кісель, які раней займаў кіраўнічую пасаду на Беларускай АЭС. Месца вызвалілася пасля нядаўняга звальнення папярэдняга дырэктара Дзмітрыя Логвіна, піша «Флагшток».
Міхаіл Кісель. Фота: Мінэнерга
Як даведаўся «Флагшток», да гэтага Міхаіл Кісель займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара па рэжыме і фізічнай абароне БелАЭС. А яшчэ раней ён з'яўляўся супрацоўнікам Камітэта дзяржаўнай бяспекі, удалося высветліць пры дапамозе «Кіберпартызанаў».
З 2016 года Кісель значыўся на службе ў вайсковай часці 10091 — гэта цэнтральны апарат КДБ Беларусі. Але ўжо ў 2017 годзе ён прыйшоў на БелАЭС, калі атамная станцыя яшчэ толькі будавалася. Як намеснік гендырэктара БелАЭС ён згадваецца ў прэсе як мінімум з 2018 года. А таксама — як «начальнік упраўлення службы бяспекі» станцыі. Пры гэтым яго фота дзяржрэсурсы раней ні разу не публікавалі.
У інфармацыі Мінэнерга пра новае прызначэнне Кісяля падкрэсліваецца, што ў ліку пастаўленых яму задач — «рэалізацыя праекта па стварэнні інфраструктуры абыходжання з радыёактыўнымі адходамі, уключаючы правядзенне грамадскіх абмеркаванняў, выбар пляцоўкі і падрыхтоўку да ліцэнзавання».
Ядзерны магільнік можа з'явіцца ў Хойніцкім раёне ў Гомельскай вобласці, Астравецкім раёне ў Гродзенскай вобласці і Мсціслаўскім раёне ў Магілёўскай вобласці.
Чытайце таксама:
Звольнілі кіраўніка прадпрыемства, якое выбірае месца пад могільнік для радыеактыўных адкідаў
Стала вядома, як будзе выглядаць могільнік для радыеактыўных адкідаў у Беларусі