БЕЛ Ł РУС

Пілот, які разбіўся на дэльтаплане пад Мінскам, — гітарыст гурта «Цвет Алоэ»

14.04.2026 / 22:55

Nashaniva.com

45‑гадовы інструктар аэраклуба «Авія-Менск» Руслан Іваноў загінуў на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

Руслан Іваноў. Фота: Onliner.by

Стаць пілотам Руслан марыў з дзяцінства, але ў юнацтве яго ад гэтага адгаварыў бацька, таксама пілот.

Мужчына павярнуў у сферу музыкі і карпаратываў — больш за 15 год граў на гітары ў гурце «Цвет Алоэ». У нулявыя гэта была вельмі папулярная група, яе, сярод іншага, прызнавалі «Адкрыццём года» на «Песні года». 

Старое жаданне з часам узяло верх — Іваноў пайшоў вучыцца лётаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі. Спачатку быў аматарам, а праз тры гады атрымаў камерцыйную ліцэнзію.

Руслан Іваноў. Фота: інстаграм

Разам з сябрам яны арганізавалі бізнэс «Авія-Менск» — прапаноўвалі палёты на мотадэльтаплане, гіраплане, паветраным шары. Іх месца было адзіным у раёне сталіцы, дзе можна было бавіць час такім чынам.

Пасля пераходу ў пілотную справу Руслан працягваў займацца музыкай — у тым ліку разам з калегамі па «Цвет Алоэ» яны выступалі на карпаратывах.

Гурт «Цвет Алоэ». Руслан — справа. Фота: daroo.by/minsk

Разам з пілотам загінула і 26‑гадовая пасажырка. Трагічная аварыя адбылася каля вёскі Азярцо ў Мінскім раёне. Па інфармацыі знаёмых, прычынай стала тое, што пры ўзлёце мотадэльтаплан «Фрэгат» трапіў у моцны струмень ветру, крыло заламала, і транспарт пачаў падаць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула