БЕЛ Ł РУС

Ад віруса папіломы чалавека ўжо прышчапілі каля 50 тысяч дзяўчатак

14.04.2026 / 15:52

Nashaniva.com

У Беларусі ўжо прышчапілі ад віруса папіломы чалавека (ВПЧ) каля 50 тысяч дзяўчынак і 11 тысяч жанчын, паведамілі ў эфіры «Першага інфармацыйнага». Бясплатная праграма вакцынацыі пачала дзейнічаць у 2025 годзе.

Гэтая вакцынацыя вельмі важная, бо менавіта некаторыя тыпы ВПЧ з’яўляюцца асноўнай прычынай раку шыйкі маткі. Усяго вядома больш за 200 відаў віруса, але як мінімум 14 з іх лічацца небяспечнымі і могуць выклікаць анкалагічныя захворванні. Акрамя раку шыйкі маткі, ВПЧ таксама можа стаць прычынай раку іншых органаў.

Эфектыўнасць вакцыны ўжо даказаная: яна зніжае рызыку развіцця раку шыйкі маткі ў 25—30 разоў. У краінах, дзе такую вакцынацыю ўвялі раней, колькасць новых выпадкаў гэтай хваробы істотна скарацілася.

У Беларусі бясплатна прышчапляюць дзяўчынак з 11 гадоў. Вакцынацыя добраахвотная і праводзіцца прэпаратам, які абараняе ад двух найбольш небяспечных тыпаў віруса (16 і 18), што выклікаюць каля 70% выпадкаў раку шыйкі маткі. Таксама ёсць магчымасць зрабіць платную вакцыну, якая абараняе ад большай колькасці штамаў.

ВПЧ перадаецца пераважна палавым шляхам, але можа распаўсюджвацца і іншымі спосабамі — праз кантакт са скурай, дробныя пашкоджанні, а таксама ад маці да дзіцяці падчас родаў. Таму прафілактыка, у тым ліку вакцынацыя, лічыцца ключавым спосабам абароны здароўя.

Чытайце таксама:

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?

Колькім дзяўчынкам ужо ўвялі вакцыну супраць віруса папіломы чалавека

Прышчэпку ад віруса папіломы чалавека плануюць рабіць і хлопчыкам

Якія прышчэпкі патрэбны дарослым, і з якой перыядычнасцю іх ставіць

Бясплатную прышчэпку ад віруса папіломы чалавека пачнуць рабіць неўзабаве. Вакцына ў Беларусь ужо паступіла

Каментары да артыкула