Мінчанка ляжала на ложку-трансформеры, калі той раптам склаўся
У жніўні 2022 года жанчына набыла такі ложак на адной з інтэрнэт-пляцовак. Навінкай жанчына паспяхова карысталася каля года, пакуль не здарылася нечаканае: ложак склаўся ў той момант, калі яна на ім ляжала.
Ілюстрацыйнае фота Opmatek
Вынік аказаўся сумным — траўма і шпіталізацыя, звярнуў увагу Onliner.by.
Жанчыну шпіталізавалі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі, дзе яна знаходзілася 10 дзён.
Затым больш за месяц прабыла ў клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, пасля чаго працягвала рэабілітацыю амбулаторна. У ліпені 2024 года ў МРЭК прыйшлі да высновы, што даваць інваліднасць у гэтым выпадку няма патрэбы. Лячэнне працягнулася ў межах часовай непрацаздольнасці.
— Паводле заключэння эксперта, пашкоджанні ў пазоўніцы ўтварыліся ў выніку ўздзеяння цвёрдага тупога прадмета і адносяцца да цяжкіх цялесных пашкоджанняў паводле прыкметы небяспекі для жыцця, — адзначаецца на сайце Вярхоўнага суда.
Пацярпелая запатрабавала кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 25 000 рублёў і судовыя выдаткі 800 рублёў.
— Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна горада Мінска пастаноўлена спагнаць з адказчыка на карысць пазоўніцы грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 25 000 рублёў, судовыя выдаткі на аплату юрыдычнай дапамогі ў памеры 800 рублёў, а ўсяго 25 800 рублёў.
Выплаціць гэтую суму давядзецца зборшчыку мэблі, які ўсталёўваў ложак, атрымаўшы заказ праз інтэрнэт. Адзначаецца, што на той момант ён не знаходзіўся ў працоўных адносінах ні з прадаўцом ложка-трансформера, ні з уладальнікам сайта, на якім жанчына размясціла заказ на зборку мэблі. Ён таксама не быў індывідуальным прадпрымальнікам і не быў зарэгістраваны як самазаняты. Суд прыйшоў да высновы, што работа па ўсталёўцы ложка-трансформера была выканана няякасна.
Адказчык падаў апеляцыйную скаргу. Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда пакінула рашэнне без зменаў. Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.