Спікер парламента Славеніі паабяцаў рэферэндум аб выхадзе краіны з НАТА
«У мяне няма прарасійскіх поглядаў, толькі праславенскія. Мы сцвярджаем, што Славенія павінна весці палітыку самастойна, суверэнна», — сказаў Зоран Стэванавіч.
Парламент Славеніі. Фота: Hugh Rooney / Eye Ubiquitous / Universal Images Group via Getty Images
Пра планы арганізаваць рэферэндум па пытанні выхаду Славеніі са складу НАТА заявіў старшыня Дзяржаўнага сходу (ніжняй палаты парламента) Славеніі, лідар партыі «Праўда» Зоран Стэванавіч.
«У мяне няма прарасійскіх поглядаў, толькі праславенскія. Мы сцвярджаем, што Славенія павінна весці палітыку самастойна, суверэнна. <…> Мы катэгарычна супраць умяшання ў замежныя ваенныя і дыпламатычныя спрэчкі, бо Славенія ніколі не атрымлівае ад гэтага выгоды. <…> Мы паабяцалі народу правесці рэферэндум аб выхадзе з НАТА, і мы правядзём гэты рэферэндум», — сказаў ён у інтэрв’ю для Радыё і тэлебачання Славеніі.
Стэванавіч падкрэсліў гатоўнасць супрацоўнічаць «з усімі краінамі свету, асабліва з вялікімі дзяржавамі», але дадаў, што гэта супрацоўніцтва ніколі не павінна азначаць падпарадкаванне. «Добрыя адносіны з усімі, але ў інтарэсах Славеніі», — адзначыў ён.
Партыя падтрымлівае рэферэндум аб выхадзе з НАТА, але адносна рэферэндуму аб выхадзе з Еўрапейскага саюза (ЕС) Стэванавіч заявіў, што ён не будзе пазітыўна ўспрыняты народам, бо краіна атрымлівае ад ЕС дастаткова шмат выгады. Пры гэтым старшыня Дзяржаўнага сходу адзначыў, што «Любляна павінна зноў стаць галоўным цэнтрам прыняцця рашэнняў для Славеніі, а не Брусель».
Стэванавіч узначаліў ніжнюю палату парламента Славеніі на мінулым тыдні. У інтэрв’ю ён таксама згадаў планы замежных візітаў на новай пасадзе. Аднымі з першых — у Скоп’е і Капенгаген. «Я хацеў бы будаваць масты, каб добра працаваць з усімі краінамі, незалежна ад сцяны, узведзенай паміж Захадам і Усходам. Таму я планую хутка наведаць Маскву», — дадаў Стэванавіч.