Прыёрбанк перавёў на рахункі дзяржавы мінімум 800 мільёнаў рублёў
Магчыма, гэта фактычна гіганцкі кэшбэк, які Мікалай Варабей выплаціў дзяржаве за дазвол на прыватызацыю Прыёрбанка.
У канцы 2024 года падстаўная эмірацкая кампанія Soven 1 выкупіла Прыёрбанк у аўстрыйскага Raiffeisen з гіганцкім дысконтам да балансавага кошту.
Паводле Raiffeisen, цана куплі была ўсяго 215 мільёнаў еўра, хоць рэалістычная цана аўстрыйскай долі складала 526 мільёнаў еўра — і гэта без уліку будучых прыбыткаў.
Мутная структура здзелкі — праз падстаўную кампанію ў Эміратах з раней нікому невядомым арабам Махамедам Альдасары на чале, — а таксама інсайдарская інфармацыя з банкаўскіх колаў нарадзіла думку, што сапраўдным бенефіцыярам Прыёрбанка з'яўляецца адзін з лукашэнкаўскіх «бізнэсменаў удачы», а менавіта — Мікалай Варабей.
Гэтая інфармацыя ніколі не пацвярджалася афіцыйна па зразумелай прычыне — Верабей знаходзіцца пад санкцыямі. Афіцыйнае прызнанне вяло б да адпаведных наступстваў для банка.
Чытайце таксама: Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку
Аналіз нядаўна апублікаванага дадатку да гадавой фінансавай справаздачнасці ААТ «Прыёрбанк» за 2025 год падмацоўвае факт таго, што канцавым бенефіцыярам банка стаў чалавек з гіганцкім сантыментам да дзяржавы і моцнай верай у дзяржаўны сегмент эканомікі.
Мікалай Варабей, архіўнае фота
Апошнія гады прыбыткі банкаўскага сектара растуць, Прыёрбанк не вылучаецца з трэнду. За 2025 год працэнтныя даходы выраслі на 30% да ўзроўню мінулага году. Але чысты прыбытак нязначна ўпаў — да 461,9 мільёна рублёў супраць 484,1 мільёна годам раней.
Куды пайшоў прыбытак?
Гэта тлумачыць самая анамальная лічба ў справаздачнасці — выдаткі на «дары, ахвяраванні і безаплатную спонсарскую дапамогу». У ранейшыя часы лічба ў гэтай графе ледзь перавышала 5 мільёнаў рублёў, а летась банк аддаў на дабрачыннасць пятую частку свайго прыбытку, 119 мільёнаў рублёў.
Каму пайшлі грошы? Невядома. Сам банк не шукае піяру і сціпла маўчыць, роўна як і ніякі атрымальнік дапамогі ў 2025 годзе публічна не падзякаваў банку за гіганцкія данаты.
На адпаведнай старонцы арганізацыі сказана, што Прыёрбанк удзельнічае ў аднаўленні Любчанскага замка, у летняй рэабілітацыі смяротна хворых дзяцей, набывае медыцынскае абсталяванне для анкацэнтраў. Таксама, «разумеючы важную ролю спорту і ўлічваючы нацыянальны прэстыж спартыўных дасягненняў», дапамагае федэрацыям і клубам.
Таксама варта адзначыць, што ў 2025 годзе Прыёрбанк выкупіў у дзяржавы (у асобе Дзяржаўнага камітэту па маёмасці) 6,31% сваіх акцый. Бюджэт зарабіў на аперацыі 162,8 мільёна рублёў.
Выплачаныя ў 2025 годзе дывідэнды за 2024 год былі фактычна нулявыя, а вось за 2025 год акцыянер атрымае прыкладна 176,97 мільёна рублёў дывідэндаў (яны яшчэ не выплачаныя, рашэнне аб выплаце і памеры на акцыю прынята 30 сакавіка 2026 года, а вось аўстрыйцы ў свой час выплачваць сабе дывідэнды не маглі — НН).
І што яшчэ варта адзначыць як змену банкаўскай палітыкі, дык гэта стаўленне да абавязкаў дзяржавы.
Прыёрбанк у 2025 годзе стаў ключавым крэдыторам бюджэту праз выкуп дзяржаўных аблігацый, якія актыўна размяшчаў Мінфін: партфель дзяржаўных доўгатэрміновых аблігацый Прыёрбанка за год вырас з 503 мільёнаў да 971 мільёна рублёў.
Таксама банк стаў радзей адмаўляць у крэдытах дзяржаўным прадпрыемствам, іх абавязкі па гэтай графе выраслі больш чым удвая: з 52 мільёнаў у 2024‑м да 122,4 мільёна рублёў у 2025-м. Вылучыць канкрэтных дзяржаўных атрымальнікаў крэдытаў немагчыма, але найбольш імаверна, што яны адносяцца да апрацоўчай прамысловасці.
Такім чынам, калі лічыць, што і спонсарская дапамога пайшла дзяржаўным юрасобам, то агулам праз розныя інструменты з Прыёрбанка да дзяржавы перацякло больш за 800 мільёнаў рублёў, або большая частка дысконту да балансавага кошту, па якім быў выкуплены банк.
Адначасова з гэтым банк кратна павялічыў свой статутны фонд — з 86 рублёў аж да 566 мільёнаў рублёў, накіраваўшы туды неразмеркаваны прыбытак апошніх гадоў. Ускосна гэта можа сведчыць аб намеры нарошчваць і крэдытаванне і максімальныя сумы крэдытаў, або прыцягваць фінансаванне з трэціх юрысдыкцый, у якіх большыя патрабаванні да памераў нарматыўнага капіталу.