БЕЛ Ł РУС

64‑гадовага віцэ-чэмпіёна па аўтаспорце кінулі ў калонію за палітыку. Арыштавалі пасля вяртання з-за мяжы

11.04.2026 / 11:29

Nashaniva.com

Юрый Очкас усё жыццё прысвяціў экстрыму і мору: ад аўтагонак і яхтынгу на Мінскім моры да круізаў па Еўропе. Але нядаўна 64‑гадовага капітана асудзілі па крымінальным артыкуле і адправілі за краты.

Юрый Очкас. Фота з ягонай старонкі ў Фэйсбуку

Юрый Очкас нарадзіўся ў 1961 годзе. У 1983‑м скончыў аўтатрактарны факультэт БНТУ.

У 1990‑я гады ён быў віцэ-чэмпіёнам Беларусі па аўташматбор'і і доўгі час працаваў трэнерам. А пасля захапіўся морам і перайшоў у віндсёрфінг і яхтынг.

У 2013 годзе Очкас набыў у Польшчы старую яхту, уласнаручна аднавіў яе і назваў «Фартунай». З таго часу ён пачаў прапаноўваць паслугі адпачынку на Мінскім моры, намагаючыся стварыць у Беларусі якасны і прыгожы сэрвіс на вадзе, хоць і прызнаваў, што паўнавартаснага бізнэсу з гэтага ў нашых шыротах не зрабіць. Ягоны брэнд называўся яхты.бай.

Юрый шмат падарожнічаў. Ягоныя сацсеткі стракацяць фотаздымкамі з сусветных марын і яхт-клубаў: Грэцыя, Турцыя, Іспанія, Канарскія астравы і Нідэрланды. Праз санкцыі і складанасці з дакументамі часам даводзілася хітрыць — напрыклад, рэгістраваць сваю лодку пад сцягам экзатычнай краіны Палау, каб мець магчымасць свабодна выходзіць у мора. Таксама ён вучыў яхтынгу ў Польшчы.

Юрый Очкас. Фота з ягонага фэйсбуку

Юрый прытрымліваецца праўкраінскіх поглядаў. «Веру, што ўсё будзе Украіна!», — пісаў ён у адным з допісаў у фэйсбуку.

Апошні допіс Юрыя ў сацсетках датаваны 30 жніўня 2025 года — тады ён апублікаваў запіс з Мазурскіх азёраў у Польшчы. Хутчэй за ўсё, яго затрымалі неўзабаве пасля гэтага, калі ён вяртаўся ў Беларусь.

Яго судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч.1 арт. 130 КК (распальванне варожасці). Хутчэй за ўсё, гэта звязана з праўкраінскімі допісамі ў сацсетках.

Юрыю прысудзілі калонію.

Чытайце таксама:

25‑гадовую дызайнерку з Пінска, якая распісвала сцены для сацыяльнага цэнтра, асудзілі за палітыку

37‑гадовага веласіпедыста з Салігорска кінулі за краты за Гаюна

Валанцёра пошукавых атрадаў і кіроўцу грузавіка, які раней працаваў у ЗША, асудзілі па справе Гаюна

Каментары да артыкула