З дырэктара мінскага прадпрыемства будуць спаганяць $8 мільёнаў шкоды
Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд крымінальную справу па абвінавачанні былога генеральнага дырэктара аднаго са сталічных прадпрыемстваў харчовай прамысловасці ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і атрыманні хабару, піша БелТА.
Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны «з мэтай атрымання дзяржаўнай падтрымкі праекта па стварэнні імпартазамяшчальнай вытворчасці па перапрацоўцы сыравіны, не маючы эканамічна абгрунтаваных і законных падстаў, даў указанні падначаленым унесці ў бізнэс-план праекта заведама ілжывыя звесткі аб інвестыцыйных капітальных выдатках і паказчыках яго эканамічнай эфектыўнасці».
Затым ён зацвердзіў пяць рэдакцый бізнэс-плана з недакладнымі данымі, а таксама забяспечыў іх прадстаўленне ў дзяржаўныя органы для атрымання права фінансавання са сродкаў спецыяльнага фонду мясцовага выканаўчага і распарадчага органа.
Далей ён арганізаваў распараджэнне выдзеленымі сродкамі, каб ажыццявіць плацяжы на карысць канкрэтнай замежнай кампаніі па кантракце, які быў заключаны з ёй у лістападзе 2023 года ў выніку працэдуры дзяржаўнай закупкі, праведзенай з парушэннем антыманапольных нормаў.
Указаныя дзеянні пацягнулі шкоду дзяржаве ў памеры 22,8 млн рублёў, а таксама істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.
Акрамя таго, абвінавачаны ў 2023—2024 гадах у некалькі прыёмаў прыняў для сябе і для блізкіх ад прадстаўнікоў контрагента матэрыяльныя каштоўнасці на агульную суму не менш за 19,4 тыс. рублёў за стварэнне ўмоў для ўдзелу ў электронным аўкцыёне і забеспячэнне перамогі, фарміраванне прывабнай пачатковай цаны электроннага аўкцыёну.
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта. Вывучэнне матэрыялаў справы паказала, што папярэдняе расследаванне па ёй праведзена ўсебакова, поўна і аб’ектыўна, супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага кваліфікаваны правільна. Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да абвінавачанага прымянёна правільна, падстаў для яе змянення або адмены няма.
Акрамя таго, намеснік генеральнага пракурора прад’явіў да былога кіраўніка іск у суме нанесенай ім дзяржаўнаму прадпрыемству шкоды — 22,8 млн рублёў.