Ад сёння павінна цалкам запрацаваць сістэма новага ўезду ў ЕС
Штампы ў пашпартах заменяць электронныя адзнакі пра ўезд і выезд.
Новая сістэма EES будзе цалкам уведзеная з 10 красавіка і можа істотна мадэрнізаваць кантроль у ЕС, але не абыдзецца без першых збояў, паведамляе «Еўраньюс».
Паездкі ў Еўропу найбліжэйшымі днямі могуць прыкметна змяніцца. Сістэма ўезду-выезду ЕС (EES), паэтапнае ўкараненне якой пачалося 12 кастрычніка мінулага года ў 29 еўрапейскіх краінах, пачне працаваць у поўным аб’ёме з 10 красавіка 2026 года.
Гэта азначае, што штампы ў пашпартах заменяць электронныя адзнакі пра ўезд і выезд, а таксама пра выпадкі адмовы ва ўездзе для кароткатэрміновых падарожнікаў з краін, якія не ўваходзяць у ЕС.
Таксама будуць фіксавацца біяметрычныя даныя, такія як выява твару і адбіткі пальцаў, а таксама персанальныя даныя з вашага праязнога дакумента. Паводле дадзеных Еўракамісіі, з пачатку ўкаранення сістэмы больш за 24 000 чалавек атрымалі адмову ва ўездзе праз пратэрмінаваныя або падробленыя дакументы альбо з-за таго, што не змаглі пераканаўча абгрунтаваць мэту паездкі. Больш за 600 чалавек былі прызнаныя асобамі, якія нясуць пагрозу бяспецы Еўропы.
Збіраецеся найбліжэйшымі месяцамі ў падарожжа па Еўропе? Вось што важна ведаць.
Да каго прымяняецца сістэма EES і хто вызвалены?
Сістэма EES распаўсюджваецца на грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС і Шэнген, і якія накіроўваюцца ў краіны Шэнгенскай зоны або ЕС у кароткія паездкі да 90 дзён на працягу 180‑дзённага перыяду.
Пад гэтае правіла падпадаюць, у прыватнасці, грамадзяне Вялікабрытаніі, а таксама падарожнікі, якія не маюць патрэбы ў візе, незалежна ад таго, едуць яны як турысты або па справах. Сістэма датычыцца і ўладальнікаў нерухомасці ў краінах ЕС, калі ў іх няма віду на жыхарства.
Аднак Ірландыя і Кіпр вызвалены ад выкарыстання EES — там па-ранейшаму будуць праводзіць ручную праверку пашпартоў.
Ад дзеяння сістэмы EES таксама вызвалены некаторыя катэгорыі падарожнікаў.