БЕЛ Ł РУС

Што паглядзець і пакаштаваць у Лісабоне — захоўвайце парады

14.04.2026 / 13:38

Партнёрскі матэрыял з My Portugal Moments

Горад вузкіх і крутых вулачак, сардзін, рознакаляровай пліткі азулежу, чарапічных дахаў, аглядных пляцовак і найсмачнейшых паштэйшаў — спіс таго, што прапануе Лісабон, можна працягваць доўга. Менавіта таму гэты горад Партугаліі так вабіць турыстаў. Між іншым, не ўсе ведаюць, а Лісабон старэйшы за такія еўрапейскія сталіцы, як Парыж, Лондан і нават Рым.

Калі вы яшчэ не спланавалі сёлетні адпачынак, то адкрыць для сябе гэты кірунак можна з праектам My Portugal Moments. Расказваем, чым заняцца ў Лісабоне — усе пункты правераныя на сабе.

Лісабон. Від з агляднай пляцоўкі Miradouro das Portas do Sol

Архітэктурная шматслойнасць

Частку архітэктуры ў Лісабона забралі землятрусы — напрыклад, раскошны каралеўскі палац Рыбейра быў знішчаны такім чынам у 1755 годзе. Аднак тут хаця б не было такіх разбуральных войнаў, як у Беларусі, якія ператваралі гарады ў руіны.

Менавіта таму ў Лісабоне можна пабачыць, напрыклад, замак святога Георгія (São Jorge Castle), які служыў каралеўскім палацам пачынаючы з XII стагоддзя. Пагоркі, дзе ён стаіць, былі самым высокім месцам у горадзе, што грала важную ролю ў яго абароне. Яшчэ з антычных часоў гэта месца выкарыстоўвалася як умацаванне: тут жылі розныя народы, у тым ліку рымляне і маўры, пакуль у XII стагоддзі тэрыторыю не захапілі партугальцы.

На пагорку — замак святога Георгія (São Jorge Castle). Фота: Alexander Spatari / Getty Images

З самага высокага ўзгорка адкрываюцца шыкоўныя краявіды. Але і ў самім замку змешчаная вельмі добрая музейная экспазіцыя. А яшчэ тут шмат паўлінаў. У Лісабоне яны часам як у нас галубы — такія ж звыклыя воку і амаль ручныя.

Падобных гэтаму замку перлін у горада цэлы спіс — можна пачаць шпацыр, напрыклад, ад галоўнай гарадской плошчы (Praça do Comércio) і мясцовай трыумфальнай аркі (Arco da Rua Augusta). Праўда, у разнастайнасці Лісабона лёгка згубіцца, таму можна звярнуцца да беларуска-партугальскай каманды My Portugal Moments і замовіць персаналізаваны тур — тады вандроўка атрымаецца значна больш насычанай і сэнсоўнай.

Пад'ёмнік Санта-Жушта

Азулежу

Вялікая колькасць дамоў у Лісабоне аздобленыя азулежу. Здавалася б, проста керамічная плітка, але ў Партугаліі яна стала прадметам мастацтва.

Падчас шпацыру па горадзе (напрыклад, па самай старой яго частцы — Алфаме) раім не пашкадаваць часу, каб завіснуць ля плітачных кампазіцый і ўважліва паразглядаць іх непаўторныя ўзоры. Дарэчы, у Лісабоне ёсць Музей азулежу (Museu Nacional do Azulejo). Хаця ўвесь горад, у прынцыпе, можна назваць вялікім музеем азулежу пад адкрытым небам.

Вуліца з упрыгожанымі пліткай азулежу дамамі ў раёне Алфамэ. Фота: Alexander Spatari / Getty Images

Класным дадатковым інтэрактывам можа стаць роспіс пліткі сваімі рукамі — да таго, ж гэта будзе небанальны сувенір. Запісвацца на майстар-класы лепш загадзя.

Музеі на любы густ

Раз мы ўжо згадалі музей азулежу, варта працягнуць, што ў Лісабоне іх агулам шмат, прычым вельмі розных — ад гістарычных да сучасных. Як вам, да прыкладу, музей карэт з экспанатамі партугальскага каралеўскага двара (Museu Nacional dos Coches)? А ў агромністым трохпавярховым музеі MAC/CCB Museu de Arte Contemporânea вас чакаюць працы Лісіцкага, Малевіча, Пікаса, Уорхала, Бэкана, ну і, вядома, мясцовых сучаснікаў.

Аўтэнтычная музычная культура

У партугальцаў ёсць свой уласны жанр музыкі — фаду (ад лацінскага «fatum» — «лёс») — меланхалічны і настальгічны. Ён унесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, так што грэх падчас наведвання краіны не паслухаць фаду ў арыгінальным выкананні, на адмысловай партугальскай гітары.

Звычайна гэта можна зрабіць у клубах фаду (Casas de Fado) ці на тэматычных канцэртах.

Рэтратрамвай на вулачках Лісабона. Фота: Alexander Spatari / Getty Images

Найлепшыя аглядныя пляцоўкі

Лісабон, як мы ўжо згадвалі вышэй, месціцца на ўзгорках, таму хапае аглядных пляцовак (miradouro). Можаце наведаць адразу парачку і абраць сваю, любімую (такая ёсць ва ўсіх лісабонцаў). Стартаваць можна з Adamastor (Miradouro de Santa Catarina).

Блізкасць акіяна

Паўгадзіны на цягніку ці трамваі (яны тут, дарэчы, ёсць суперрэтра — дадатковая лакальная фішка) — і вы ўжо загараеце на пляжы ці вучыцеся сёрфіць у акіяне, у залежнасці ад інтарэсаў.

Галоўная гарадская плошча Praça do Comércio. Фота: Henglein and Steets / Getty Images

У Партугаліі цалкам нармальна для жанчын прымаць сонечныя ванны топлес, так што не трэба дзівіцца жанчынам без станікаў, якія гуляюць уздоўж берагавой лініі.

Сем’і з дзецьмі могуць спазнаваць падводны свет у Лісабонскім акіянарыуме (Oceanário de Lisboa). Там вас чакае велізарны акварыум з пінгвінамі, медузамі, акуламі і сотнямі іншых марскіх жыхароў. Захапляе і дарослых!

За дэльфінамі ж у Партугаліі можна назіраць у дзікай прыродзе — для гэтага ладзяцца спецыяльныя выезды з біёлагамі ў месцы іх пасялення. Каля Лісабона жыве некалькі відаў дэльфінаў — найчасцей звычайны дэльфін і дэльфін-афаліна. Калі пашчасціць з надвор’ем, яны будуць плаваць каля вашай лодкі, скачучы і плёскаючыся ў хвалях — незабыўныя ўражанні гарантаваныя.

Разнастайнасць страваў з морапрадуктаў

Лісабон — партовы горад, таму свежыя морапрадукты тут ёсць па змоўчанні (што важна, па даступных цэнах). Галоўнае месца ў партугальскай рыбнай кухні займае сушаная траска (bacalhau), якую падаюць то з бульбай, то ў соусе бэшамэль.

Часта падаюць таксама сардзіны — прычым як смажаныя, так і кансерваваныя. Вы абавязкова натрапіце на вядомыя крамы-музеі з сотнямі відаў сардзін у бляшанках.

Кальмараў, крэветак ці васьміногаў можна купіць у звычайных крамах ці на рынку.

Вельмі смачная выпечка

Пасля рыбы можна і па дэсерце, тым больш выбар выпечкі тут сапраўды багаты: партугальцы — тыя яшчэ ласуны. Яны вельмі любяць яйкавыя дэсерты — напрыклад, «валасы анёла». Для гэтага жаўткі прапускаюцца праз друшляк і ўліваюцца ў гарачы цукровы сіроп на аснове кветкавай вады. У выніку атрымліваецца гэткая салодкая залацістая вермішэль.

Ці як наконт дэсерту Ovos Moles de Aveiro — жаўткоў з цукрам у хрумсткай вафлі?

Нават вядомыя на ўвесь свет кошычкі-паштэйшы (Pastel de Nata) таксама ўтрымліваюць у сабе далікатны заварны крэм на малацэ і яечных жаўтках.

Кавярні з паштэйшамі ў Лісабоне на кожным кроку

Паштэйш — сапраўдная візітоўка Партугаліі. Гэты дэсерт тут няспынна выпякаюць з 1837 года. Да таго ж ён уваходзіць і ў лік сусветных далікатэсаў, якія абавязкова варта пакаштаваць. А каб навучыцца рабіць іх самастойна, можна запісацца на адмысловы майстар-клас

Смачнае віно

Не такое распіяранае, як французскае ці італьянскае, але не менш смачнае віно парадуе вашы рэцэптары. Для бюджэтнага знаёмства з віннай картай дастаткова зайсці ў краму і выбраць нешта пры дапамозе дадатку Vivino (самі ведаеце, што віно ў краінах-вытворцах можа быць таннейшае за ваду). Для поўнага ж заглыблення ў свет віна лепш адправіцца да непасрэдных знаўцаў на прафесійныя дэгустацыі.

Паркі — зялёныя аазісы

Як вы ўжо маглі зразумець, Лісабон (ды і ўся Партугалія) — рай для тых, хто хоча пачыліць (самі партугальцы ўмеюць кайфаваць ад жыцця, не спяшацца, пражываць кожны момант).

Добра запаволіцца атрымаецца ў мясцовых парках. Любімы сярод саміх лісабонцаў — парк Музея Гульбенкяна з яго экзатычнымі раслінамі, птушкамі і месцамі, дзе займаюцца ёгай ці проста садзяцца на пікнік. Дарэчы, адсюль жа адкрываецца класны від на самалёты. Выдатная магчымасць папрактыкаваць плэйнспотынг.

Тут разумеюць англійскую мову

Здавалася б, дробязь, але прыемна. Усё ж паразумецца з прадаўцамі і гідамі па-англійску будзе прасцей, чым упершыню спрабаваць у партугальскую мову.

Веданне англійскай, праўда, звычайна абмяжоўваецца буйнымі гарадамі Партугаліі. Так што калі збярацеся ў аддаленую правінцыю і вёскі, там ужо, хутчэй за ўсё, прыйдзецца выкручвацца пры дапамозе перакладчыкаў ці мімікі і жэстаў.

Чытайце таксама:

Беларус стварыў праект з аўтэнтычнымі вандроўкамі па Партугаліі — у чым яго фішка?

Каментары да артыкула