БЕЛ Ł РУС

Рэпера Lil Nas X накіравалі на псіхіятрычнае лячэнне пасля нападу на паліцэйскіх

7.04.2026 / 08:14

Nashaniva.com

Год таму ён блукаў у майтках і ботах па вулках Лос-Анджэлеса.

Фота: Frederic J. Brown-Pool/Getty Images

Суддзя ў штаце Каліфорнія прыпыніў судовы працэс над артыстам, які быў арыштаваны ў жніўні мінулага года за напад на паліцэйскіх, калі блукаў па вуліцах Лос-Анджэлеса ў напаўаголеным выглядзе, з умовай, што той пройдзе псіхіятрычнае лячэнне.

На пасяджэнні ў панядзелак суддзя Алан Шнайдэр сказаў аўтару хіта Old Town Road, што калі ён пройдзе лячэнне і на працягу двух гадоў не парушыць ніякіх законаў, то абвінавачанні з яго будуць знятыя.

Напад на паліцэйскіх кваліфікуецца як цяжкае злачынства і цягне да пяці гадоў турмы. Акрамя таго, Lil Nas X (сапраўднае імя — Мантэра Ламар Хіл) было выстаўлена абвінавачанне ў супраціве пры арышце.

Паліцэйскія выявілі Хіла позна ўначы на бульвары Вентура ў Лос-Анджэлесе — у адных майтках і каўбойскіх ботах. Яго тады даставілі ў бальніцу з падазрэннем на перадазіроўку наркотыкаў.

Пасля гэтага інцыдэнту ў рэпера дыягнаставалі біпалярны разлад. Пасля арышту ён правёў два месяцы ў лячэбнай установе ў Арызоне.

Пасля судовага пасяджэння Lil Nas X усміхаўся і паказаў журналістам вялікі палец. «Я ўдзячны. Проста вельмі ўдзячны. Магло быць значна горш», — сказаў ён у інтэрв’ю часопісу Rolling Stone.

Пасля арышту Хіла яго бацька Роберт Стафард распавёў, што на стан яго сына паўплывала доўгая гісторыя залежнасці яго маці і яго няздольнасць дапамагчы ёй.

«Яму 26 гадоў, і пры гэтым яму даводзіцца зарабляць на жыццё для вялікай колькасці людзей, і ён не можа змяніць сітуацыю сваёй маці, і яшчэ ён цісне сам на сябе. Гэта цяжкая нагрузка на душу», — сказаў Стафард.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула