Беларускі хакеіст стаў найгоршым па карыснасці ў НХЛ
«Чыкага Блэкхоўкс» сёння ў матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі разгромна прайграла «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» з лікам 1:6.
Фота: NHl.com
Беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў гуляў у першай пары абаронцаў. 20‑гадовы беларус правёў на лёдзе 22 хвіліны 33 секунды, нанёс 6 кідкоў (адзін з іх міма варот), заблакаваў два кідкі суперніка і правёў два сілавыя прыёмы.
Таксама ў актыве Леўшунова дзве страты, і завяршыў ён матч з паказчыкам карыснасці «-2»
Усяго ў гэтым сезоне НХЛ Леўшуноў правёў 68 матчаў, у якіх набраў 24 балы (дзве закінутыя шайбы і 22 выніковыя перадачы). Яго паказчык карыснасці складае «-41» (найгоршы ў лізе). У найбліжэйшага антыканкурэнта — -36.
Як лічыцца каэфіцыент карыснасці?
Гулец атрымлівае «+1» (плюс), калі яго каманда забівае гол пры роўных складах або ў меншасці, і ён у гэты момант знаходзіцца на лёдзе. Атрымлівае «−1» (мінус), калі яго каманда прапускае гол пры тых жа ўмовах, і ён знаходзіцца на лёдзе.
«Чыкага Блэкхокс» пасля 72 праведзеных матчаў мае ў актыве 68 балаў і займае 15‑е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.