Іранская апазіцыя не выходзіць на вуліцы, бо іх занялі ўзброеныя прыхільнікі рэжыму аятол
Да шматмільённых ўзброеных сіл «Басідж», якія патрулююць вуліцы іранскіх гарадоў, далучыліся грамадзянскія прыхільнікі.
Фота: Majid Saeedi/Getty Images
Яны рэгулярна наведваюць мітынгі ў падтрымку ўладаў і ездзяць «аўтаканвоем» са сцягамі, гучна ўключаючы рэлігійную музыку, што аказвае сур'ёзны псіхалагічны ўплыў, піша The Financial Times.
«Я не вайсковец, які стаіць каля пускавых установак і страляе ракетамі, але магу сказаць ваенным: мы абараняем вуліцы, так што можаце ісці і змагацца без асцярог», — сказаў адзін з удзельнікаў такіх мерапрыемстваў.
Гэта дзяржаўная палітыка — да патрулявання вуліц да заканчэння вайны сваіх прыхільнікаў заклікаюць як палітыкі, так і ваенныя.
«Яны ўсюды. Амаль кожную ноч яны праязджаюць побач з нашым домам на аўтамабілях з калонкамі, уключаючы рэлігійную і рэвалюцыйную музыку, дэманструючы сваю моц. Хто наогул наважыцца ім супрацьстаяць?» — сказаў кінарэжысёр з Тэгерана.
Кіраўнік урада Ізраіля Біньямін Нетаньяху надае вялікае значэнне пратэстам, якія могуць дапамагчы звергнуць рэлігійна-фундаменталісцкі рэжым, і рэгулярна заклікае іранцаў выйсці на вуліцы. The New York Times адзначае, што Нетаньяху і Трамп разлічвалі на такі сцэнар.
Яны спадзяваліся, што ліквідацыя іранскага кіраўніцтва і шэраг разведвальных аперацый могуць выклікаць масавае паўстанне і хутка завяршыць вайну. У выніку здагадка пра магчымую маштабную рэвалюцыю стала, па ацэнцы выдання, адной з ключавых памылак у падрыхтоўцы баявой аперацыі.