БЕЛ Ł РУС

«Я расказваў ім пра метады негвалтоўнага супраціву Расіі». Партнёра Карач па пацыфізме збілі ў кіеўскім ваенкамаце

22.03.2026 / 18:23

Вінцэсь Клепачэня

Юрый Шаляжэнка адмаўляецца ісці на фронт «з меркаванняў сумлення» і спрабуе супрацьстаяць мабілізацыі.

Юрый Шаляжэнка. Фота: ludstvo / Facebook

Украінскі блогер Юрый Шаляжэнка пазіцыянуе сябе як навуковага супрацоўніка і выканаўчага сакратара «Украінскага пацыфісцкага руху», дырэктара Інстытута міру і права ва Украіне, а таксама як сябра праўлення Еўрапейскага бюро па пытаннях адмовы ад вайсковай службы па меркаваннях сумлення і арганізацыі «Свет без вайны».

Ён называе сябе квакерам-пацыфістам і заклікае супраціўляцца расійскай агрэсіі негвалтоўнымі спосабамі. Перашкодай да міру ён лічыць не толькі расійскі імперыялізм, але і ўкраінскі нацыяналізм.

У 2023 годзе блогер заклікаў спыніць пастаўкі зброі Украіне. У тым жа годзе Шаляжэнку затрымлівала Служба бяспекі Украіны — за тое, што ён заклікаў жыхароў Кіева ўхіляцца ад прызыву і ўцякаць за мяжу. У выніку яго абвінавацілі ў апраўданні расійскай агрэсіі.

22 сакавіка 2026 года Шаляжэнка выступіў з відэазваротам, у якім абвінаваціў супрацоўнікаў тэрытарыяльных цэнтраў камплектавання (ТЦК) у выкраданні і катаваннях.

Паводле яго слоў, вечарам 19 сакавіка, калі ён ішоў на пошту, яго затрымала паліцыя — нібыта для складання пратакола. Аднак замест гэтага блогера запіхалі ў машыну і даставілі ў Пячэрскі ТЦК.

Квакер-пацыфіст сцвярджае, што падчас затрымання і знаходжання ў ваенкамаце яго «катавалі, пшыкалі балончыкам у твар. Білі па твары, цягалі за валасы па падлозе. Білі кулакамі і нагамі».

У якасці доказаў мужчына прадэманстраваў тры сінякі на левай руцэ і пасму вырваных валасоў. Таксама Шаляжэнка заявіў, што ў яго адабралі мабільны тэлефон, вярнуўшы толькі бірку ад яго.

Па словах блогера, ён даводзіў паліцыі сваё права на «добрасумленную адмову ад вайсковай службы». Ён спасылаўся на 35‑ы артыкул Канстытуцыі Украіны і 23‑і артыкул закона аб мабілізацыі, які вызваляе навуковых супрацоўнікаў ад прызыву.

Пазней блогера перавялі ў Святошынскі ТЦК, дзе, як ён кажа, умовы былі прыніжальнымі — яму нават адмаўлялі ў туалетнай паперы. Шаляжэнка не ўдакладніў, пры якіх абставінах яго ў выніку праз два дні адпусцілі, назваўшы гэта «Божай дапамогай».

Паводле яго слоў, знаходзячыся ў распараджэнні сілавікоў, ён «працягваў прапаведаваць мір, распавядаць пра навуковыя асновы негвалтоўных дзеянняў, распавядаць пра метады негвалтоўнага супраціву расійскай агрэсіі, пра адпаведныя прапановы, накіраваныя ў Офіс прэзідэнта».

Цяпер блогер рыхтуе звароты ў органы па абароне правоў чалавека.

«У маёй праваабарончай дзейнасці перажыць такое самому — гэта яшчэ адна нагода працаваць больш упарта, каб абараніць правы чалавека ва Украіне. А як для верніка гэта таксама памяць пра Божае блаславенне на добрыя справы. Ісус Хрыстос сказаў нам, што трэба імкнуцца да святла, і святло пераможа цемру. Няхай будзе так», — такімі словамі Шаляжэнка закончыў зварот.

Адзначым, што Шаляжэнка занесены на сайт «Міратворац» з наступнымі абвінавачваннямі:

«З 2009 да 2022 года рэгулярна пісаў для расійскага выдання «Эхо Москвы», вядомага як падкантрольнае расійскаму рэжыму псеўдаліберальнае СМІ. У 2015‑м выступаў супраць мабілізацыі, а ў 2017‑м перашкаджаў блакаванню расійскіх сацыяльных сетак».

Шаляжэнка — даўні партнёр беларускай актывісткі Вольгі Карач. Іх арганізацыі ўдзельнічаюць у адных і тых жа самітах, іх разам «намінавалі» на Нобелеўскую прэмію міру. Калі Вольгу Карач назвалі пагрозай для нацыянальнай бяспекі Літвы, менавіта арганізацыя ўкраінскага блогера рассылала па СМІ заявы ў яе падтрымку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула