Магчымасць двойчы зрабіць ЭКА бясплатна можа з'явіцца ў Беларусі
Намесніца прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч падзялілася з журналістамі падрабязнасцямі праекта ўказа «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення», піша БелТА.
Віцэ-прэм’ер адзначыла, што Лукашэнка некалькі месяцаў таму даручыў яшчэ раз вярнуцца да такой тэмы, як экстракарпаральнае апладненне.
«Хацелася б, канешне, каб усё адбывалася натуральным шляхам, але не заўсёды гэта атрымліваецца. Ініцыятыва кіраўніка краіны заключалася ў тым, каб зрабіць падыход яшчэ больш ліберальным, даць жанчыне больш шырокую магчымасць атрымання працэдуры ЭКА», — сказала Наталля Пяткевіч.
У адпаведнасці з праектам указа, які быў разгледжаны ў Лукашэнкі, жанчыне могуць быць прадастаўлены дзве бясплатныя спробы ЭКА. Пры гэтым права на гэтыя спробы прадастаўляецца не толькі замужнім, але і адзінокім жанчынам.
«Лукашэнка вельмі настроены на тое, каб жанчынам гэтую магчымасць абавязкова даць. Няхай гэта будзе і не нейкая каласальная колькасць дзяцей, якая вырашыць дэмаграфічныя праблемы ў глабальным маштабе, але кожнае дзіця, кожны новы грамадзянін Беларусі — гэта вялікае шчасце і вялікая радасць», — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.
Намесніца прэм’ер-міністра звярнула ўвагу і на такі фактар, як узрост. Зараз першая бясплатная спроба ЭКА можа быць прадастаўлена жанчынам да 40 гадоў. Пры гэтым на платнай аснове гэта працэдура можа быць праведзена да 50 гадоў.
Акрамя таго, захоўваецца прынцып, згодна з якім бясплатная спроба ЭКА будзе ажыццяўляцца толькі ў дзяржаўных медыцынскіх установах. Віцэ-прэм’ер адзначыла, што ў пераліку арганізацый, якія прадастаўляюць працэдуру ЭКА, ёсць і прыватныя медыцынскія ўстановы. Разам з тым статыстыка паказвае, што эфектыўнасць экстракарпаральнага апладнення значна вышэйшая ў дзяржаўных установах аховы здароўя.