Джон Коўл прыехаў у Вільню і абмеркаваў Беларусь з літоўскай прэм'еркай
У Літве з візітам знаходзіцца спецыяльны прадстаўнік ЗША па Беларусі Джон Коўл. Падчас паездкі ён сустрэўся з прэм’ер-міністаркай краіны Інгай Ругінене, паведамляе LRT.
Інга Ругінене і Джон Коўл. Фота: Урад Літвы
Падчас сустрэчы кіраўніца ўрада падзякавала амерыканскаму дыпламату за намаганні, накіраваныя на вызваленне палітвязняў у Беларусі. Яна падкрэсліла, што пазіцыя Літвы застаецца нязменнай: у Беларусі павінны спыніцца рэпрэсіі, а ўсе палітычныя зняволеныя мусяць быць вызваленыя.
Бакі таксама абмеркавалі пытанні рэгіянальнай бяспекі. Літоўскі бок лічыць, што Беларусь застаецца адной з галоўных пагроз у рэгіёне. У якасці прыкладаў называліся так званыя гібрыдныя дзеянні — незаконная міграцыя, кантрабанда, інцыдэнты з грузавым транспартам, а таксама падтрымка Расіі ў вайне супраць Украіны.
Акрамя таго, было адзначана, што Еўрапейскі Саюз працягвае адзіны курс у дачыненні да Беларусі, у тым ліку праз захаванне санкцый.
Літва таксама падкрэсліла важнасць стратэгічнага партнёрства са ЗША і саюзніцкіх адносін паміж дзвюма краінамі.
Раней паведамлялася, што пасля наведвання Вільні Коўл збіраецца ехаць у Мінск. Ягоныя візіты, як правіла, суправаджаюцца вызваленнем часткі палітвязняў.
Чытайце таксама:
Ціханоўская: У Трампа ёсць рычагі, каб вызваліць беларускіх палітвязняў
Джон Коўл прыедзе ў Мінск на наступным тыдні
Джон Коўл падзякаваў Лукашэнку за сённяшняе вызваленне палітвязняў