БЕЛ Ł РУС

15‑гадовы акцёр з Гродна з надрывам зачытаў «Гой ты, Русь моя, родная». І справядліва адхапіў ад беларусаў

18.03.2026 / 10:00

Nashaniva.com

15‑гадовы гродзенец Вячаслаў Канаразаў выклаў у сацсеткі відэа — дэкламацыю верша Сяргея Ясеніна «Гой ты, Русь моя, родная». Падача — як на вялікай сцэне: эмоцыі, надрыў, позірк у далячынь. Сам ролік падлетак пазіцыянуе як самапробу. Але замест захаплення атрымаў хвалю крытыкі. 

Вячаслаў Канаразаў. Скрыншот відэа

«Беларускіх вершаў не знайшлося?»

У каментарыях да відэа больш за сотню рэакцый. І значная частка з іх пра выбар матэрыялу. Асабліва іранічна гэта выглядае на фоне таго, як хлопец сам прадстаўляе сябе ў сацсетках: «Прывітанне, мяне завуць Слава, і я акцёр з Беларусі!»

«Беларускіх вершаў не знайшлося?» — пытаюць беларусы ў каментарах.

«Акцёр з Беларусі, але не беларускі. Навошта прапагандаваць маскальшчыну?» — абураюцца адныя.

«Сапраўдныя беларусы прапагандуюць беларускіх дзеячаў культуры», — заўважаюць іншыя. 

«Лепш бы ты Максіма Багдановіча ці Янку Купалу прачытаў», — дадаюць наступныя. 

Некаторыя рэагуюць яшчэ больш рэзка, не шкадуючы юнака:

«Маскаль, не прылепвайся да беларусаў».

«Рускі ты, але ніяк не беларус».

«Шаноўны, можна служыць Мельпамене, а можна прыслужваць рэжыму маскаля. Прабач, але ты культурны калабарант». 

Іншыя каментатары спрабуюць перавесці размову ў прафесійную плоскасць:

«Чытаць з выражэннем — гэта не значыць крычаць».

«Чэл, пераігрываеш страшэнна», — падказваюць у каментарах.

Ад Бядулі да Васільева

Вячаслаў Канаразаў скончыў тэатральнае аддзяленне гродзенскай школы мастацтваў і цяпер грае ў моладзевым тэатры «Гродзенская надзея».

Фота: kino-teatr.ru

У 2025 годзе ён заняў другое месца на конкурсе «Жывая класіка», чытаючы беларускі твор — «Зямлю» Змітрака Бядулі. 

А ўжо ў 2026 годзе Вячаслаў перамог у тым жа конкурсе, але з іншым матэрыялам: «В списках не значился» Барыса Васільева.

Паралельна з гэтым хлопец здымаецца ў кіно. У яго фільмаграфіі ўжо некалькі праектаў, у тым ліку серыялы «Партызаны», «Далёка да Масквы», «Цэзар», а таксама фільм «Не адна дома — 3». У кароткаметражцы «Палева» ў яго галоўная роля.

У сацсетках юнак чытае Маякоўскага, Еўтушэнку, нават зняўся ў відэа ў вобразе Ясеніна.

Манера Канаразава — гучная, з надрывам — нагадала тэлевізійную версію Ясеніна. Зрэшты, хлопец захапляецца расійскім акцёрам Сяргеям Бязрукавым, які якраз іграў ролю паэта ў расійскім серыяле, які выйшаў у 2005 годзе. 

У кароткіх відэа самапробаў Вячаслава — тэксты пра радзіму (савецкую), подзвіг, партызан.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула