БЕЛ Ł РУС

Гамяльчук задрамаў у аўтобусе са шчанюком на руках — і стаў зоркай тыктоку

16.03.2026 / 19:08

Nashaniva.com

Відэа апублікавана пару дзён таму. У кадры — пасажыр гарадскога аўтобуса ў Гомелі. Мужчына не бачыць, як яго здымаюць, бо заснуў, але на руках у яго не спіць шчанюк, заўважылі «Моцныя навіны».

Скрыншот з відэа

Гэта ўсё, што адбываецца ў роліку — аднак ён спадабаўся карыстальнікам пляцоўкі і яго сталі актыўна каментаваць. Лайкнулі відэа больш за сотню тысяч чалавек, а паглядзелі каля мільёна разоў.

У каментарах — суцэльнае замілаванне. Усім спадабаўся мужчына і яго маленькі гадаванец: хтосьці выказаў здагадку, што парачка едзе з дачы. Мужчына, маўляў, запрацаваўся і заснуў, не даехаўшы да дома, а малеча як надзейны сябар ахоўвае яго сон.

Пасля выданне Times.by напісала, што ў кадры — Міхаіл Кавалёў, вядомы гомельскі аніматар. Звычайна ён ездзіць на ровары, але днямі прабіў камеру і быў вымушаны ехаць з дачы аўтобусам.

«За дзень так накруціўся на дачы, што заснуў і не заўважыў, што мяне здымаюць, — расказаў Міхаіл. — Да аўтара відэа прэтэнзій няма, наадварот, усё выйшла душэўна. Пазітыўных каментарыяў шмат, і гэта радуе».

Яго шчанюка завуць Ірыска. Гэта дзяўчынка, ёй тры месяцы. Прытым з Міхаілам малеча ўсяго другі дзень.

Чытайце таксама:

Аргенцінец закахаўся ў беларуску і пераехаў на хутар пад Маладзечнам

У Гомелі жанчына занесла свайго сабаку на стрыжку да грумеркі. Забрала ўжо мёртвага

Як улады Мінска зразумеюць, у каго жывуць незарэгістраваныя сабакі? Разлік на неабыякавых суседзяў

Каментары да артыкула