Румынскую песню для «Еўрабачання» раскрытыкавалі за «гламурызацыю сэксуальнага ўдушвання»
Песню Choke Me, з якой Румынія плануе ўдзельнічаць у сёлетнім конкурсе «Еўрабачанне», рэзка раскрытыкавалі актывісты і эксперты. На іх думку, кампазіцыя рамантызуе небяспечную практыку сэксуальнага ўдушвання, піша The Guardian.
Аляксандра Кэпітэнеску падчас выканання песні Choke Me. Скрыншот з відэа
Крытыкі адзначаюць, што ў песні фраза choke me («душы мяне») паўтараецца каля трыццаці разоў за тры хвіліны. У тэксце таксама ёсць радкі пра цяжкасць дыхання і жаданне быць задушанай. На іх думку, такія вобразы выглядаюць безадказнымі і могуць ствараць уражанне, што падобная практыка з’яўляецца нармальнай, хоць яна можа прывесці да сур’ёзных пашкоджанняў мозгу або нават смерці.
Прафесар права Дарэмскага ўніверсітэта Клэр Макглін заявіла, што песня дэманструе небяспечную абыякавасць да здароўя маладых жанчын. Яна падкрэсліла, што медыцынскія даследаванні сведчаць: рэгулярнае ўдушванне падчас сэксу можа выклікаць пашкоджанні мозгу і іншыя праблемы са здароўем.
У інтэрнэце таксама з’явілася хваля крытыкі. Некаторыя прыхільнікі «Еўрабачання» патрабуюць памяняць тэкст кампазіцыі або нават дыскваліфікаваць яе.
Песню выконвае пераможца румынскай версіі шоу The Voice Аляксандра Кэпітэнеску. Яна, у сваю чаргу, абараняе сваю работу і тлумачыць, што словы песні — гэта метафара моцных эмоцый і адчування, калі чалавека «душаць» уласныя сумненні і пачуцці.
Дадаткова эксперты адзначаюць, што ў апошнія гады падобная тэма стала больш распаўсюджанай у інтэрнэт-культуры і парнаграфіі, што можа спрыяць яе нармалізацыі сярод моладзі. Даследаванні паказваюць, што многія маладыя людзі сутыкаліся з такімі практыкамі і частка з іх памылкова лічыць, што існуюць бяспечныя спосабы ўдушвання.
Сёлета «Еўрабачанне» пройдзе ў Аўстрыі (фінал 16 мая). Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Нідэрланды і Славенія вырашылі не ўдзельнічаць конкурсе ў знак пратэсту супраць удзелу Ізраіля.
Чытайце таксама:
Аляксандр Рыбак заняў у нарвежскім адборы на «Еўрабачанне» другое месца
Стала вядома, хто будзе прадстаўляць Украіну на Еўрабачанні-2026