Былы прэзідэнт Бразіліі Балсанару трапіў у рэанімацыю
Былы прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару, які цяпер адбывае прысуджаны яму вялікі турэмны тэрмін, быў змешчаны ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі ў адной з бальніц Бразіліі. Дактары дыягнаставалі ў яго пнеўманію, паведамляе Euronews.
Жаір Балсанару. Фота: AP Photo/Luis Nova
Па словах медыкаў, у Балсанару назіраліся высокая тэмпература, паніжаны ўзровень кіслароду ў крыві, патлівасць і дрыжыкі. Абследаванне паказала бронхапнеўманію — адну з формаў запалення лёгкіх, якая, верагодна, узнікла пасля трапляння змесціва страўніка ў дыхальныя шляхі.
Лекары адзначаюць, што ў людзей старэйшых за 70 гадоў (Балсанару праз тыдзень споўніцца 71) такая хвароба часта праходзіць цяжка і можа прывесці да сепсісу, калі бактэрыі трапляюць у кроў.
Старэйшы сын былога прэзідэнта паведаміў у сацыяльных сетках, што ягонага бацьку перавялі з турмы ў бальніцу пасля таго, як ён прачнуўся з моцнымі дрыжыкамі і ванітамі. Кардыёлаг, які лечыць Балсанару, таксама адзначыў, што ў найбліжэйшыя дні ён, хутчэй за ўсё, не вернецца ў турму, бо лячэнне праводзіцца ў стацыянары і патрабуе ўвядзення лекаў праз кропельніцу.
Сям’я палітыка працягвае прасіць Вярхоўны суд дазволіць Балсанару адбываць пакаранне пад хатнім арыштам, сцвярджаючы, што ў турме ён не атрымлівае належнай медыцынскай дапамогі. Суд пакуль адмовіў у гэтым, спасылаючыся на падазрэнні ў магчымай спробе ўцёкаў, але раней перавёў былога прэзідэнта ў больш прасторную камеру.
Жаір Балсанару быў асуджаны ў верасні 2025 года Вярхоўным федэральным судом Бразіліі і атрымаў 27 гадоў турмы за спробу дзяржаўнага перавароту і іншыя абвінавачанні, у тым ліку ў кіраўніцтве ўзброенай злачыннай арганізацыяй і спробе гвалтоўна змяніць дэмакратычны лад. Сам ён сваёй віны не прызнае.
Чытайце таксама:
Былы прэзідэнт Бразіліі Балсанару перанёс аперацыю на кішэчніку
«Бразільскі Трамп» хаваўся ў пасольстве Венгрыі, каб пазбегнуць арышту па справе дзяржперавароту
У Бразіліі маланка ўдарыла па натоўпе прыхільнікаў Жаіра Балсанару ВІДЭА