Максім Знак апублікаваў свае музычныя запісы на стрымінгах
Былы палітвязень і юрыст паведаміў, што яго музычныя запісы з'явіліся на асноўных музычных стрымінгавых платформах. Пра гэта ён напісаў у сацыяльных сетках
Скрыншот відэа ЧестнОк-Live
Раней яго творы можна было слухаць толькі на SoundCloud, дзе ён публікаваўся пад псеўданімам Max Bai. Цяпер жа песні размешчаныя прыкладна на 25 платформах. Музыку можна знайсці, увёўшы ў пошуку Maksim Znak на такіх сэрвісах, як Spotify, Apple Music і YouTube Music.
Пакуль на стрымінгах даступныя кампазіцыі, запісаныя ў студыі да 2020 года. Апошнія пяць гадоў, адзначыў аўтар, студыйных запісаў не было (Максім быў за кратамі), але ён плануе змяніць гэта ў будучыні.
Асобна Знак раіць слухачам звярнуць увагу на альбом «Ветразь», у стварэнні якога ўдзельнічалі прафесійныя музыкі. У працы над аранжыроўкамі значную ролю адыграла мультыінструменталістка і вакальны педагог Una Perasetskaya.
Музыка з'явілася на анлайн-сэрвісах дзякуючы намаганням сына аўтара — Алеся Знака, які дапамог з публікацыяй і прасоўваннем кантэнту. Паводле музыкі, у планах — новыя запісы: «вельмі шмат ужо напісана песень, але пакуль яны не запісваюцца».
Першы новы трэк, які можа з'явіцца пазней, мае назву «Маякі», паведаміў Максім Знак.