Расія атрымлівае 150 млн даляраў дадатковага даходу ў дзень ад росту цэн на нафту
Да канца сакавіка расійскі ўрад можа атрымаць ад 3,3 да 4,9 млрд даляраў агульнага дадатковага даходу.
З-за росту цэн на нафту, выкліканага ваенным канфліктам на Блізкім Усходзе, Расія аказалася ў выйгрышы.
Масква зарабіла, паводле ацэнак, ад 1,3 да 1,9 млрд даляраў на падатках ад экспарту нафты пасля таго, як фактычнае закрыццё Армузскага праліва прывяло да росту попыту на расійскую сыравіну з боку Індыі і Кітая, піша Financial Times.
Расія зарабляе да 150 мільёнаў даляраў у дзень дадатковых бюджэтных даходаў ад продажу нафты.
ЗША таксама змякчылі санкцыі супраць Расіі і ціск на Індыю, каб тая не купляла расійскую нафту, што накіравала значную колькасць танкераў у Індыйскі акіян.
Паводле разлікаў Financial Times, заснаваных на галіновых дадзеных і ацэнках аналітыкаў, да канца сакавіка расійскі ўрад можа атрымаць ад 3,3 да 4,9 млрд даляраў агульнага дадатковага даходу. Гэта пры ўмове, што сярэдняя цана на нафту маркі Urals складзе каля 70—80 даляраў за барэль у гэтым месяцы.
Гэта кардынальная змена сітуацыі для Масквы, якая да вайны з Іранам сутыкнулася з падзеннем цэн і стратай большай часткі продажаў у Індыю праз ціск Вашынгтона. Экспарт расійскай сырой нафты і нафтапрадуктаў у лютым знізіўся на 11,4 працэнта да 6,6 млн барэляў у суткі, што з'яўляецца самым нізкім узроўнем з моманту ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, гаворыцца ў справаздачы Міжнароднага энергетычнага агенцтва.
Кожнае павышэнне сярэднямесячнай цаны барэля на 10 даляраў прыносіць расійскім экспарцёрам дадатковыя 2,8 млрд даляраў даходу, з якіх дзяржава атрымлівае 1,63 млрд праз падаткі.