БЕЛ Ł РУС

Ультыматум Пуціну з лазні і абмеркаванне бургераў. Новыя пародыі на Лукашэнку рвуць інстаграм

11.03.2026 / 21:37

Nashaniva.com

Пакуль на ТВ і сцэнах татальная цэнзура, беларусы шукаюць гумар анлайн. А нейрасеткі дазваляюць ствараць палітычную сатыру бяспечна для аўтараў. Лукашэнка наракае на камбікорм у «МакБаі», рэкламуе заходнія брэнды і ў лазні пагражае Пуціну — вясёлыя дыпфэйкі ў новым інстаграм-канале.

Сучасныя магчымасці штучнага інтэлекту дасягнулі такога ўзроўню, што згенераванае фота і відэа становіцца амаль неадрозным ад сапраўдных здымак. Шматлікія сусветныя знакамітасці і палітыкі паспелі сутыкнуцца з праблемамі, якія нясуць дыпфэйкі: ад рэкламных ролікаў да спроб палітычнай дыскрэдытацыі. Чарга дайшла і да Аляксандра Лукашэнкі.

Некалькі месяцаў таму ў Instagram-е з’явілася старонка пад нікам alex_anderlukashenko1954. Невядомы аўтар пачаў напаўняць яе кантэнтам, цалкам створаным з дапамогай ШІ. 

«Камбікорм» у «МакБаі»

Адно з апошніх відэа, якое выклікала хвалю каментароў, створана па матывах візіту беларускага палітыка ў сетку «МакБай» (былы McDonald’s). Глядач бачыць звыклую карціну: стол, застаўлены бургерамі, і вернага шпіца Умку побач. Герой відэа разважае пра якасць фастфуду ў сваім непаўторным стылі:

«Вырашыў зноўку пакаштаваць гэтую атруту заморскую. Вунь, сабаку нават дрэнна. Не ведаю, што моладзь знайшла ў гэтым камбікорме. Я вось ужо шосты бургер з’ядаю і ніяк не зразумею», — кажа ШІ-персанаж.

Але канцоўка відэа жорсткая. Якая? Паглядзіце самі.

Ад Мілана да Давоса

Аўтар акаўнта не абмяжоўваецца кабінетнымі ці сельскімі дэкарацыямі. Дзякуючы нейрасеткам, беларускага дыктатара можна пабачыць у самых розных лакацыях. Вось ён шпацыруе па вуліцах Мілана ў стыльным дызайнерскім адзенні.

 А вось — спрытна закідае баскетбольны мяч у кошык.

«Заехаў да хлопцаў у Бардо. Паказаў гэтаму гета, што такое беларуская каробачка! Калі б не калена, я б і зверху заклаў», — такім подпісам аўтар суправаджае відэа.

Не абышоў увагай стваральнік канала і міжнародныя амбіцыі Лукашэнкі. У адным з відэа можна пабачыць дыктатара на трыбуне Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе:

«Ці неабходна мяняць тэрміны ўборкі пшаніцы? Безумоўна. Ці важна гэта абмяркоўваць цяпер у Давосе? Безумоўна».

А тут ён выступае на Радзе міру, прапануючы сябе на пасаду яе старшыні замест Трампа.

У іншым сюжэце Лукашэнка сочыць за сустрэчай Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай.

Галоўны хіт: ультыматум Пуціну з лазні

Найбольшую папулярнасць (звыш 1,6 мільёна праглядаў) атрымала відэа, дзе аўтар змясціў героя ў лазню і ўклаў у яго вусны рэзкую заяву:

«Я хачу сур'ёзна сказаць: Валодзя, ты пачаў гэту вайну. Ты забіў і ўкраінцаў, і сваіх рускіх. Ужо на мільёны лік ідзе. Што ты хочаш далей рабіць? Ваяваць з Амерыкай ці Еўропай? Гэта без мяне. Я дзесяць гадоў спрабаваў выбудаваць сяброўства з Польшчай. Ты за адзін год усё разбурыў.

Я цяпер шкадую, што цябе не прыдушыў у рэзідэнцыі маёй у 23‑м годзе. Карацей — я больш не магу гэта цярпець. І таму я ўсю інфармацыю, якая ў мяне ёсць, аддаю брытанскім Мі-6 і амерыканцам. Няхай яны цябе ўціхаміраць. І кітайцу свайму скажы — што мне не патрэбны яго падачкі. Я на каленях стаяць не буду».

Гэты сюжэт атрымаў працяг: у адным з наступных ролікаў, зробленым у стылі навін беларускага тэлебачання, паказана, як Лукашэнка нібыта выконвае абяцанне і перадае заходнім спецслужбам «цэлы таз дакументаў» на сустрэчы ў Ашмянах.

«Можа, ён паглядзіць на гэта відэа і да яго дойдзе, што трэба так і сказаць! Вось было б выдатна», — марыць адзін з каментатараў.

Чытайце таксама:

«ЧынЧынЧэнэл» выпускае новы сатырычны міні-серыял. Сцэнар да яго напісаў Сумны Коленька

Зміцер Вішнёў: «З мяне пруць сарказм і палітычная сатыра»

«Гумару я не губляю. Гэта магчымасць рабіць лепшымі дні або хвіліны для кагосьці». Гутарка з Аленай Зуй-Вайцяхоўскай

Каментары да артыкула