БЕЛ Ł РУС

У Чарнаўцах падчас ускрыцця цела вайскоўца, перададзенага ў рамках абмену з РФ, выявілі гранату

11.03.2026 / 15:45

Nashaniva.com

У Чарнаўцах падчас анатаміравання цела загінулага ўкраінскага вайскоўца, якое перадалі з Расіі ў рамках абмену, судмедэксперты выявілі гранату, якая не разарвалася. Работнікаў морга эвакуіравалі, а выбухоўку абясшкодзілі піратэхнікі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі

Раней ужо былі выпадкі, калі знаходзілі выбухоўку, але гэта першы выпадак, калі яе знайшлі ў самім целе. Пра гэта «Суспільнаму» распавёў начальнік абласнога бюро судова-медыцынскай экспертызы Віктар Бачынскі.

Паводле яго слоў, раней пры аглядзе цел, перададзеных у рамках абмену, выбуховыя прадметы часам знаходзілі ў кішэнях. Аднак гэтым разам гранату знайшлі непасрэдна ў целе.

Яна прайшла праз брушную поласць, прайшла праз цела, але не выбухнула — засталася пад правым сцягном, распавёў эксперт

«Калі эксперт пачаў аўтапсію цела загінулага, правёў аўтапсію чарапной поласці, грудной поласці, дайшоў да канечнасці і пачаў яе разразаць, ён знайшоў пад скурай неразарваную гранату», — кажа Бачынскі.

Пасля гэтага ўсіх супрацоўнікаў эвакуявалі з морга, а для вымання гранаты выклікалі піратэхнікаў.

«Яе вывезлі на сметнік, там падарвалі, бо яна магла выбухнуць у моргу. Таму праз такія выпадкі ў нас спачатку працуюць піратэхнікі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях, а толькі потым мы. Гэта вельмі сур'ёзны падыход, але так атрымалася, што яны не адразу вызначылі, што ў целе памерлага знаходзіцца такая выбуховая прылада», — кажа Бачынскі.

Ва Украіну 26 лютага вярнулі 1000 цел загінулых, якія, паводле расійскага боку, належаць украінскім вайскоўцам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула