Ва Украіне банкір апублікаваў фота кліенткі, якая праходзіла верыфікацыю «на фоне сцяга Расіі», і трапіў у скандал
Сузаснавальнік украінскага анлайн-банка monobank Алег Гарахоўскі трапіў у цэнтр гучнага скандалу пасля публікацыі ў сацсетцы Threads фотаздымка адной з кліентак. Фота было зроблена супрацоўнікамі банка падчас відэаверыфікацыі для разблакіроўкі рахунку.
Алег Гарахоўскі апублікаваў у сацсетцы Threads фота карыстальніцы банка, зробленае падчас відэаверыфікацыі, на фоне нібыта расійскага сцяга, піша nv.ua.
Свой допіс Гарахоўскі апублікаваў 9 сакавіка, аднак пазней выдаліў яго.
«Звярнулася кліентка на відэаверыфікацыю з пытаннем, чаго заблакавалі яе рахунак. Сказалі, што праз тое, што галава нямытая», — падпісаў Гарахоўскі фота карыстальніцы банка.
Ужо на наступны дзень у сацсетках з’явіўся допіс, у якім дзяўчына заявіла, што менавіта яе фота апублікаваў Гарахоўскі. Яна сцвярджае, што на фоне быў сцяг Славеніі, а не Расіі.
Таксама дзяўчына дадала, што была не ў сябе дома і, маўляў, не звярнула ўвагі на тое, што вісіць на сцяне.
«Але хачу сказаць адно: гэта сцяг Славеніі. Гэты чалавек, не разабраўшыся ў сітуацыі, дазволіў сабе выставіць мяне на ўсеагульны агляд. Я ні ў якім разе не падтрымліваю краіну-агрэсарку. У мяне ваюе ўся сям’я. Я нарадзілася ва Украіне і люблю яе», — напісала яна.
Пазней вайсковец і заснавальнік фестывалю ВиделкаFest Сяргей Гняздзілаў заявіў, што пагутарыў з дзяўчынай, фатаграфію якой апублікаваў Гарахоўскі.
Паводле яго слоў, яна распавяла, што ў 2023 годзе разам з маці выехала з Харкава ў Славенію, дзе яны атрымалі статус бежанцаў. Ужо ў наступным годзе яна пераехала ў Германію, дзе жыве і цяпер.
«Я знаходзілася дома ў сяброўкі, якая са Славеніі, яна студэнтка, у яе і сапраўды вісіць сцяг Славеніі. Я не чакала, што відэаідэнтыфікацыя будзе адбывацца так хутка, таму пабегла акурат у той пакой, дзе вісеў сцяг. Мне сказалі, што рашэнне аб разблакіроўцы карткі будзе прынята на працягу наступных сутак. На раніцу мне патэлефанавала мама і сказала, што я «цяпер вельмі вядомая», — прыводзіць словы дзяўчыны Гняздзілаў.
Ён таксама сцвярджае, што абмяркоўваў гэтую сітуацыю з самім Гарахоўскім. Маўляў, той на сто адсоткаў упэўнены, што «сцяг — расійскі, а дзяўчына — хлусіць».
Акрамя сцяга на сцяне карыстальніцы monobank, у сацсетках таксама пачалі абмяркоўваць магчымае парушэнне абароны персанальных даных праз апублікаванне яе фатаграфіі.