БЕЛ Ł РУС

«Гомель — такая вёска?» Гамяльчанка абурылася праз афішу з расійскімі артыстамі

9.03.2026 / 09:27

Nashaniva.com

«Іх наогул нехта ведае?»

Жыхарка Гомеля апублікавала ў TikTok відэа з канцэртнай афішай горада. На ёй можна ўбачыць канцэрты артыстаў, якія плануюць выступіць у гарадскім грамадска-культурным цэнтры. Аўтарка роліка звярнула ўвагу, што на афішы — у асноўным расейскія выканаўцы, і прызналася, што большасць з іх ёй невядомая, піша BGmedia.

«Вось цікава, Гомель такая вёска, што нармальныя артысты да нас не прыязджаюць? Ды нейкі кашмар! Іх увогуле ведае хто-небудзь? Хто-небудзь купіў квіткі на іх канцэрт?» — каментуе жанчына сітуацыю ў відэа.

На афішы відаць аб’явы пра канцэрты некалькіх расейскіх выканаўцаў: Алега Пагудзіна і Валерыя Сёміна. Відэа хутка сабрала сотні каментароў, а меркаванні карыстальнікаў падзяліліся.

Асноўная дыскусія разгарнулася вакол таго, ці сапраўды на афішы выступаюць невядомыя артысты. Частка карыстальнікаў палічыла, што аўтарка перабольшвае і што многія выканаўцы даволі вядомыя — проста не ўсе цікавяцца такой музыкай.

«Мне 14, і прабачце, жанчына, але я палову артыстаў з афіш ведаю, нават большасць. Як можна іх не ведаць? І чаму гэта яны «ненармальныя»?»

Іншыя ж, наадварот, падтрымалі аўтарку роліка і прызналіся, што таксама амаль нікога не пазнаюць з канцэртнай афішы.

«Акрамя Аўсіенка нікога не ведаю».

«Калі б не ваш ролік, думаю, 80% расейцаў і беларусаў нават не даведаліся б, хто гэта наогул».

Частка карыстальнікаў пачала абмяркоўваць, чаму менавіта такія артысты выступаюць у Беларусі. На іх думку, некаторыя расейскія выканаўцы проста шукаюць магчымасці для гастроляў у краінах, дзе іх яшчэ запрашаюць.

«Згодна! Справа ў тым, што ў сябе яны ўжо не катуюцца, а ў іншыя краіны, акрамя Беларусі, іх не пускаюць. Уся эстрада Расеі ў нас грошы зарабляе».

«Акрамя Гомеля іх нікуды не клічуць».

Некаторыя каментатары не стрымлівалі жартаў. Напрыклад, карыстальнікі іранізавалі з таго, хто купляе квіткі на такія канцэрты.

«Білеты прафсаюзы купілі».

Былі і тыя, хто адзначыў, што ў Гомель сапраўды рэдка прыязджаюць вядомыя сучасныя выканаўцы, таму аматарам папулярнай музыкі часта даводзіцца ехаць у сталіцу.

«Часам добрыя музыкі прыязджаюць, але рэдка. На артыстаў, якія мне падабаюцца, адзіны варыянт — ехаць у Мінск. У Гомель ніхто прыязджаць не хоча».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула